Генсакратар Інтэрпалу: я катэгарычна супраць выключэння Беларусі
Генеральны сакратар Інтэрпалу Юрген Шток супраць таго, каб Беларусь выключалі з гэтай арганізацыі.
"Што датычыць Беларусі, то мы ўважліва сочым за сітуацыяй, як і ў выпадку іншых краін. Гэта датычыць і "чырвоных цыркуляраў". Я катэгарычна не падзяляю патрабавання выключыць асобныя краіны з міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва", — прыводзіць яго словы DW.
З такой ініцыятывай выступала Святлана Ціханоўская. Яна звяртала ўвагу на тое, што аўтарытарныя краіны выкарыстоўваюць міжнародны вышук у палітычных мэтах. Дарэчы, і саму Ціханоўскую афіцыйны Мінск таксама абвяшчаў у міжнародны вышук па лініі Інтэрпалу.
"Чырвоныя цыркуляры" — гэта запыт на затрыманне з перспектывай экстрадыцыі. Па словах Штока, Інтэрпал штогод атрымлівае 14 тысяч такіх дакументаў. Да пераважнай большасці іх арганізацыя не мае прэтэнзій, але некалькі адсоткаў адхіляе як палітычна матываваныя.
"Часта гаворка ідзе пра выпадкі, у якіх адшукваюцца людзі, якія ўжо атрымалі недзе статус бежанца. У такіх выпадках Інтэрпал не падключаецца. Некалькі гадоў таму мы прынялі пра гэта рэзалюцыю. Але мы можам яе ўжываць і не падтрымліваць запыт аб затрыманні толькі тады, калі краіны нас сістэматычна інфармуюць", — тлумачыць Шток.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.