Герб Магілёва пацярпеў ад "эпідэміі перафарбоўкі": "Пагоня" на ім стала белай
На праспекце Рэспублікі ў Брэсце абнавілі стэлу з гербамі абласных цэнтраў. Пасля гэтага на гербе Магілёва знік чырвоны колер на гербе "Пагоня", піша "Брестская газета".
Афіцыйны герб Магілёва — гэта сіні шчыт, на якім намаляваныя тры белыя вежы. У сярэдняй вежы адчыненая брама, якую абараняе рыцар з узнятым мечам. Наверсе гэтай вежы размешчаны круглы чырвоны шчыт з "Пагоняй" — гістарычным гербам Вялікага Княства Літоўскага.
Менавіта чырвоны колер і знік пасля "абнаўлення". Верагодна, яго палічылі занадта крамольным.
Гэта гістарычны герб Магілёва, нададзены яму ў 1661 годзе. Горад атрымаў яго ў памяць пра тое, як магілёўцы паднялі паўстанне супраць рускіх войскаў, якія акупавалі Магілёў. Гэты ж герб быў зацверджаны для Магілёва ў 2005 годзе.
Дарэчы, "Пагоня" афіцыйна ёсць на гербах такіх гарадоў, як Магілёў, Рэчыца, Лепель і Верхнядзвінск. Акрамя таго, гэты герб афіцыйна замацаваны за Віцебскай вобласцю.
Сёння ў Беларусі міліцыянты і суддзі лічаць "Пагоню" такой жа "крамолай", як спалучэнне белага і чырвонага колеру. За яе наяўнасць даюць штрафы і суткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.