Германія выступае за дапамогу Польшчы ў абароне знешняй мяжы ЕС
На польска-беларускай мяжы / twitter.com/mblaszczak
Польшчы трэба аказаць дапамогу ў абароне знешняй мяжы Еўрапейскага саюза, заявіў выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў ФРГ Хорст Зеехофер. Ён таксама заклікаў краіны ЕС да згуртаванасці ў гэтым пытанні.
"Палякі аказваюць тут важную паслугу ўсёй Еўропе", — цытуе Зеехофера агенцтва ТАСС. Таму ЕС павінен дапамагчы польскаму ўраду.
Па словах кіраўніка нямецкага МУС, дзеянні Мінска па "дастаўцы мігрантаў у Беларусь, а затым на мяжу з Польшчай рэгулярным рэйсам уяўляюць сабой вельмі агідны палітычны метад, якому неабходна пакласці канец". Мігранты не павінныя выкарыстоўвацца "для дэстабілізацыі ЕС і асабліва Германіі".
Пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС напярэдадні гаварыў і кандыдат у канцлеры Германіі Олаф Шольц. Паводле яго слоў, улады ў Мінску блакуюць дастаўку гуманітарнай дапамогі мігрантам і вядуць "чалавеканенавісніцкую гульню". Словы Шольца прыводзіць Deutsche Welle.
Нямецкі палітык таксама нагадаў, што цяпер у Еўрасаюзе ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка сумеснага адказу ЕС на дзеянні Лукашэнкі. Гаворка ідзе пра чарговы пакет санкцый.
Крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч чалавек прыйшлі да польскай мяжы ў надзеі прарвацца праз тэрыторыю Польшчы далей у Германію. Яны разбілі лагер у лесе і перыядычна робяць спробы прарвацца праз мяжу.
Лукашэнка папярэдзіў, што ў выпадку новых санкцый можа адключыць газ, які ідзе праз Беларусь у Еўропу. Напярэдадні беларускае пытанне і новыя санкцыі ў дачыненні да Мінска абмяркоўвалі на закрытых кансультацыях у РБ ААН.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.