Гісторык: У Беларусі дагэтуль няма грунтоўных прац пра сталінскія рэпрэсіі
Даследчыца Ірына Кашталян мяркуе, што гэтаму не спрыяе сітуацыя ў краіне. Таму гісторыкі абыходзяць "праблемныя" моманты, альбо ўвогуле не бяруцца за тэму.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў мінскай турме НКВД былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты Беларусі — літаратары, навукоўцы, святары. Гэта была трагедыя для нацыі, але ці ведаюць пра яе беларусы? Чаму ў апошнія гады тэма камуністычных рэпрэсіяў асвятляецца ў беларускіх СМІ ўсё менш і менш? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да гісторыка Ірыны Кашталян, якая зараз жыве ў Нямеччыне, дзе рыхтуе доктарскую дысертацыю.
111026 kashtalan s.mp3
Ірына Кашталян: Гісторыкі адчуваюць, наколькі заідэалагізавана сённяшняе беларускае жыццё, бачаць тую атмасферу ў краіне, якая міфалагізуе СССР і тыя часы. І бачаць, што палітычная сітуацыя не змяняецца ўжо шмат гадоў. І таму гісторыкі не бяруцца за гэтыя тэмы, а яны ж надзвычайна цікавыя! Калі гісторык займаецца ХХ стагоддзем, тэмы рэпрэсіяў проста немагчыма абыйсці, яны на кожным кроку. Некаторыя даследчыкі абыходзяць "праблемныя" моманты, выкарыстоўваючы эзопаву мову, фармулюючы свае высновы па-іншаму, аднак грунтоўных прац па вывучэнню перыяда рэпрэсій дагэтуль у нас не паўстала. Бо ўжо нават падрыхтоўка такой працы, не кажучы пра публікацыю, напэўна адаб'ецца на перспектывах такога навукоўца. А ім і так складана выжываць у той сітуацыі, у якой знаходзіцца сёння наша Беларусь. Ведаю гэта на ўласным досведзе.
Еўрарадыё: Так, вы мелі праблемы з абаронай кандыдацкай дысертацыі ў Беларусі. Цяпер вы жывяце ў Нямеччыне, працягваеце сваю даследчыцкую працу?
Ірына Кашталян: Так, акрамя напісання сваёй дысертацыі, я ўзяла дадатковую працу, якая дазваляе вывучаць вусныя крыніцы, сведкаў тых даўніх падзей, а я займаюся пасляваенным перыядам 1944-1953 гадоў. Гэта вельмі каштоўныя крыніцы і, на жаль, у нас у Беларусі іх амаль што няма.
Еўрарадыё: Сёлета нямецкія навукоўцы выдалі кнігу “Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі”. І наколькі ведаем, вы былі яе суаўтарам. А чаму нашы беларускія гісторыкі не маглі выканаць гэты праект самастойна?
Ірына Кашталян: Гэта пытанне да сістэмы выдання ў Беларусі кніжак такога кшталту. Пытанне гэта вельмі складанае. Калі выдаваць акадэмічнае выданне гэткага маштабу, то гэта вельмі вялікая праца. І вялікія грошы. А гэтая кніжка стала часткай праекту, які рэалізуе нямецкі "Фонд даследавання камуністычных дыктатур". І яна прэзентуе ўвогуле Беларусь, як месца памяці ахвяр рэпрэсій. Таксама ў межах гэтага праекту закранутыя яшчэ 32 краіны. І калі для нас гэта нешта эксклюзіўнае, то для немцаў гэта комплексная праца, якой яны хочуць паказаць маштаб камуністычных рэпрэсіяў і як цяпер адбываецца палітыка памяці ў гэтых краінах. Але для Беларусі гэтая кніга сапраўды ўнікальная.
У ёй каталагізаваныя месцы рэпрэсіяў, шмат фотаздымкаў, аповедаў сведкаў. Расказана і паказана, дзе і ў якіх месцах стаяць помнікі, альбо ёсць шыльды па ахвярах рэпрэсіяў. Знайсці грошы на такую кнігу ў Беларусі проста немагчыма. Больш таго, за самую спробу выдаць яе ў нашым краі можна было б трапіць у турму... І для Беларусі выданне гэтай кнігі ў Нямеччыне — падарунак лёсу. Выхад кнігі паказвае, што немцы зацікавіліся нашай краінай, яе таталітарнай гісторыяй.
Фота — bymedia.net