Гітарыст Уладзімір Майсюк выдаў дэбютны альбом
Дыск можна будзе атрымаць у падарунак на канцэртнай прэзентацыі, якая адбудзецца 1 жніўня.
Гітарыст Уладзімір Майсюк выдаў дэбютны інструментальны альбом. “Fretwalk” — складанка твораў, напісаных цягам апошніх 15 гадоў. Для самога музыкі яна з’яўляецца своеасаблівай падборкай яскравых адрэзкаў жыцця.
“Стылістычна дыск можна назваць рокавым, але не зусім, бо музыка даволі рамантычная, — апісвае Еўрарадыё свой дэбютнік Уладзімір Майсюк. — Я б гэта назваў… Соўл-рок, напрыклад. Там няма нічога жорсткага, але гэта і не папса, там шмат акустычных момантаў. Карацей, гэта сплаў усяго: і класікі, і рока і папсы. Але мне падаецца, што ўспрымаецца музыка вельмі лёгка. Нават для людзей, якія не звязаныя з гітарнай музыкай”.
Запісваўся альбом цягам года. “Fretwalk” ужо можна паслухаць і набыць на сервісе iTunes. У крамах дыск з’явіцца пасля канцэртнай прэзентацыі, якая адбудзецца 1 жніўня ў бары Doodah King.
Дарэчы, кожны наведвальнік канцэрта атрымае альбом у падарунак. Апроч Уладзіміра Майсюка і яго гурта, на прэзентацыі выступяць вядомыя беларускія музыкі: Уладзімір Ткачэнка & Людміла Куц, Дзмітрый Мікуліч & Ян Жэнчак, Вадзім Касалапаў & Аляксандр Грыгор’еў, Аляксандр Кіс & Максім Дуброўскі, Міхаіл Філіпеня & Аляксандра Захарык. Скончыцца вечар грандыёзным Jam Session!
Пачатак прэзентацыі 20:00. Квіткі каштуюць 50 тыс. Даведкі: (29) 103-10-00
Фота: guitarland.by