Госць з ЕС сказаў, што на такіх, як Лукашэнка, “трымаецца свет”
II Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Беларусі летам 2019-га, будуць “найлепшымі ў гісторыі”. Пра гэта заявіў 29 лістапада на сустрэчы ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч. Паводле яго слоў, у Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтах задаволеныя тым, як ідзе падрыхтоўка.
“Вы — адзін з тых лідараў, на якіх трымаецца свет. І калі вы абяцаеце, што ўсё будзе арганізавана добра, значыць, так яно і будзе”, — цытуе словы Качыянчыча прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка таксама гаварыў пра тое, што Еўрагульні ў Беларусі будуць “лепшымі”. Ён адзначыў, што ўсе аб’екты, якія будуць задзейнічаны, да сярэдзіны 2019 года мадэрнізуюць і пабудуюць.
“…Гэтая алімпіядай будзе жыць увесь беларускі народ, — гаварыў Лукашэнка. — І ўсе нашы суседзі будуць ведаць, што тут алімпіяда, для іх будуць адчынены ўсе дзверы. Мы запросім усіх, хто захоча пабываць у нашай краіне. Гэта я вам гарантую”.