Грамадзяне Беларусі змогуць ездзіць у В'етнам без візаў
Праўда, на тэрмін, не большы за 15 дзён.
В'етнам спрасціў візавы рэжым для беларускіх грамадзян. З 1 ліпеня яны змогуць знаходзіцца ў азіяцкай краіне без візы, незалежна ад тыпу пашпарту і мэты візіту, але не больш за 15 дзён. Як інфармуе БЕЛТА, безвізавы рэжым устаноўлены В'етнамам да 30 чэрвеня 2020 года. Не выключана, што ён будзе працягнуты.
У МЗС нашай краіны адзначаюць, што прынятыя Беларуссю і В'етнамам рашэнні па аблягчэнні ўзаемных паездак грамадзян адпавядаюць інтарэсам абедзьвюх краін. Яны будуць садзейнічаць актывізацыі дзелавых кантактаў і партнёрскіх сувязяў.
Дарэчы, Беларусь — адна з нямногіх краін свету, у адносінах якой В'етнам прыняў рашэнне аб аднабаковым увядзенні безвізавага рэжыму.