Гродзенца з псіхічным захворваннем асудзілі на шэсць гадоў калоніі

Андрэй Сачэўка / t.me/viasna96
Андрэй Сачэўка / t.me/viasna96

19 верасня ў Гродзенскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд 26-гадоваму Андрэю Сачэўку.

Як піша праваабарончы цэнтр "Вясна", хлопца асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса.

У судзе стала вядома, што Сачэўка мае псіхічны разлад асобы, але суддзю Васіля Скока гэта не спыніла перад вынясеннем жорсткага прысуду.

Таксама Сачэўку ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс".

Гродзенец не прызнаў віну, а пацвердзіў толькі факт напісання каментароў 11 і 12 жніўня 2020 года. Удзел яго ў гродзенскіх вулічных маршах не пацвердзіўся пасля прагляду відэазапісаў з акцый у горадзе.

Як паведамляюць праваабаронцы, упершыню Сачэўку затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК за відэа на ягонай старонцы "ВКонтакте". Гэта быў ролік, на якім Аляксандр Лукашэнка прымае ў 1994 годзе прысягу пад бела-чырвона-белым сцягам. Гродзенца затрымалі 4 траўня 2022 года на працоўным месцы. Трое сутак ён правёў у ІЧУ Кастрычніцага РАУС Гродна, але потым яго адпусцілі.

11 траўня яго зноў затрымалі на працы і выставілі абвінавачанні па крымінальным артыкуле. Да суда яго трымалі ў гродзенскай турме №1.

За відэа ў сацсетках 25 траўня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў Сачэўку вінаватым у адміністрацыйным парушэнні — "захоўванні з мэтай распаўсюду інфармацыі, якая змяшчае экстрэмісцкую накіраванасць". Яго штрафавалі на 800 рублёў (25 базавых велічынь), а тэлефон арыштавалі як сродак здзяйснення злачынства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі