Грузіны, літовец, эстонка. Хто яшчэ ва ўкраінскім урадзе — легіянер?
Чаму ва ўрадзе Украіны з’явілася такая колькасць замежных рэфарматараў і да чаго гэта можа прывесці.
29 траўня Пётр Парашэнка дае былому прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі ўкраінскае грамадзянства і прызначае на пасаду старшыні Адэскай вобласці.
У свой час былы прэзідэнт радыкальна мадэрнізаваў палітычную сістэму і дзяржкіраванне ў Грузіі, рэфармаваў паліцыю і падатковыя органы. Тое, што патрэбна Украіне.
Парашэнка ўжо станоўча ацаніў першыя ініцыятывы Саакашвілі, у прыватнасці, конкурсны набор на пасады старшыняў раённых дзяржадміністрацый. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што гэтую ідэю падтрымае ўрад:
“Мне вельмі падабаецца пазіцыя адносна скарачэння штата абласной адміністрацыі. Пазіцыя дэрэгулявання, дэбюракратызацыі, деалігархізацыі — гэта тое, чаго сёння чакаюць Адэса і Украіна”, — сказаў Парашэнка.
Ва Украіне цяпер таксама працуюць былы міністр аховы здароўя Грузіі Аляксандр Квіташвілі і былы намеснік міністра ўнутраных спраў Эка Згуладзэ, на аналагічных пасадах. Акрамя таго, украінскі ўрад кансультуе экс-генпракурор Грузіі Зураб Адэішвілі. Міністрам гандлю з’яўляецца літоўскі эканаміст Айварас Абрамавічус, яго дарадца — эстонка Яніка Мэрыла.
На думку ўкраінскага палітолага Яўгена Магды, прызначэнне былога грузінскага прэзідэнта на пасаду кіраўніка адной з абласцей — слушны крок:
“Ва Украіне цяпер назіраецца трэнд на дэцэнтралізацыю. І Саакашвілі можа зрабіць Адэскую вобласць вітрынай рэформаў і пераўтварэнняў. Але разам з тым зразумела, што калі ў яго не атрымаецца, будуць падарваныя пазіцыі імпартных рэфарматараў і, можа, нават прэзідэнта”.
Палітолаг адзначае, што з краіны доўгі час вымываліся высокапрафесійныя кадры. І ва ўмовах гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Украіны, неабходныя менавіта такія неардынарныя рашэнні.
Нямецкі палітолаг Аляксандр Рар кажа, што такая практыка ў гісторыі вядомая. І самым яскравым прыкладам апошніх часоў можна лічыць балтыйскія краіны, якія пасля распаду СССР запрашалі на кіраўнічыя пасады палітыкаў з Захаду, тады гэта прынесла шмат станоўчых вынікаў. Але сітуацыя з Украінай іншая.
Аляксандр Рар
Рар мяркуе, што Парашэнка проста не мае даверу да былых выхадцаў з апарата Юшчанкі, Цімашэнка і тым болей Януковіча. І пад ціскам з Еўропы такім брутальным метадам ён ставіць на кіраўнічыя пасады цэлых гарадоў ці рэгіёнаў людзей збоку.
“Але такая палітыка нясе вялікую небяспеку — адчужэнне гэтых палітыкаў, якія знаходзяцца на кіраўнічых пасадах у міністэрствах і маюць вялікую ўладу, ад простага народа, ад грамадскай супольнасці. І тады выправіць гэта будзе вельмі складана”, — адзначае палітолаг.
На яго думку, давер насельніцтва — гэта тое, што ў гэтай сітуацыі ўладам патрэбна больш за ўсё. Бо дзякуючы яму можна аб’яднаць падзелены народ Украіны. І рэзюмуе:
“Увогуле гэта добрая рэч, але ставіць чалавека, які не вырас у гэтай краіне, кіраўніком якога-кольвек міністэрства — вялікая палітычная рызыка. На другі ж ці трэці план — калі ласка”.
Еўрарадыё прыгадвае яшчэ некалькі яскравых прыкладаў, калі замежныя эксперты кіравалі структурнымі рэформамі.
Пасля Другой сусветнай вайны палітычнае і эканамічнае аднаўленне Японіі праводзілася пад пільным наглядам заходніх экспертаў. Знакамітую Зямельную рэформу 1946-1949 гадоў праводзіў амерыканскі эканаміст украінскага паходжання Вольф Ладэжынскі. А Джозэф Додж і Карл Шоўп у 1949-1950 стабілізавалі ену, што дазволіла краіне выйсці з глыбокага фінансавага крызісу.
У 1989 годзе ў Польшчы праводзіўся імклівы пераход ад планавай эканомікі да рыначнай. “Шокавую тэрапію” зладзіў польскі эканаміст Лешак Бальцаровіч, але за яго плячыма стаялі амерыканскія эканамісты Джэфры Сакс і Джордж Сорас.
Джэфры Сакс
Пасля Сакс кансультаваў Ягора Гайдара падчас яго эканамічных рэформаў у Расіі ў 1991-1992 гг., якія не дасягнулі патрэбнага эфекту.
Грузія пасля “рэвалюцыі ружаў” карысталася замежнымі кансультацыямі. З 2006 года дарадцам прэзідэнта Саакашвілі быў былы прэм’ер Эстоніі Март Лаар.
Фота: ria.ru, tass.ru, valdaiclub.com, AFP/Getty