Гурт Brutto зноў “наехаў” на Trubetskoy
Цяпер Сяргей Міхалок вінаваціць былых калег па “Ляпісе” ў сепаратызме і рэйдэрстве.
У інтэрнэце з’явіўся чарговы "наезд" Сяргея Міхалка на былых калег па “Ляпісе Трубяцкім”, гурт Trubetskoy. Паведамленне апублікаванае на ўсіх афіцыйных старонках гурта Brutto ў сацыяльных сетках, таму удзел у яго стварэнні "хакераў" амаль выключаны.
“Афіцыйна!!! Лічу гурт Трубецкой незаконнымі сепаратыстамі і рэйдэрамі, якія захапілі спадчыну Вялікага гурта “Ляпіс Трубяцкой”!!! — напісана ў паведамленні за подпісам Міхалка. — Лічу, што яны не мусяць выконваць песні, якія склаў Я (Міхалок Сяргей Уладзіміравіч)! Няхай возьмуць новую назву і спяваюць свае песні! Вось і ўся сутнасць маіх прэтэнзій.. P.S. Дазваляю спяваць песні “Ляпіса Трубяцкога” ўсім Жыхарам планеты Зямля!!! А Трубяцкім не дазваляю!!!”
Літаральна праз паўгадзіны Павел Булатнікаў і кампанія адказалі на пост Brutto “афіцыйным заяўленнем гурта Trubetskoy”:
“Сёння ў сацсетках з'явіліся абразлівыя выказванні Сяргея Міхалка на адрас гурта Trubetskoy. Мы маглі б дэталёва, па пунктах адказаць, прыклаўшы скрыншоты нашай перапіскі з Сяргеем і прадзюсарам Brutto Антонам Азізбекянам за апошні год. Але лічым ніжэйшым за сваю годнасць уступаць у брудныя сваркі і ствараць рэаліці-шоў з узаемаадносін з былымі таварышамі. Мы нікога не ашуквалі, не "кідалі" і не здраджвалі. Мы проста працягнем рабіць сваю справу і далей будзем ігнараваць дурнаватыя і брыдкія дэмаршы экс-калег. Сустрэнемся на канцэртах!”
Нагадаем, у лістападзе мінулага года у сацыяльных сетках Brutto ўжо з’яўляліся абразлівыя выказванні ў бок гурта Trubetskoy. Тады прадстаўнікі Сяргея Міхалка паведамілі, што акаўнты гурта ўзламалі. Праўда на гэтым “разборкі” не спыніліся і нарадзілі невялічкі флэш-моб з аголенымі грудзямі.