Гурт “Стары Ольса” выпусціў першы альбом без прадзюсараў і спонсараў
Пасля 5-гадовай “студыйнай” паўзы каманда прадставіла пласцінку “Santa Maria”.
За перыяд “студыйных канікул” гурт падрыхтаваў матэрыял адразу для двух альбомаў. За гэты час, распавядае лідар гурта Зміцер Сасноўскі, матэрыялу назапасілася столькі, што музыкі вырашылі падзяліць яго на дзве часткі. Першая — творы з “Полацкага” і “Віленскага” сшыткаў, а таксама п'есы беларускіх кампазітараў-лютністаў. Другая частка матэрыялу — песенная, і складаецца з кампазіцый рознага часу. Але ў першую чаргу для запісу музыкі вырашылі абраць творы Рэнесансу і Барока.
“Усе гэтыя творы патрабавалі рознай колькасці працы над імі. Як ні дзіўна, дагэтуль лічыцца, што мы граем выключна музыку Сярэднявечча, — смяецца Зміцер Сасноўскі. — Але дзякуючы нашаму лютністу Іллю Кубліцкаму і таму, што свецкая частка “Полацкага сшытку” на самой справе не сыграная абсалютна, мы вырашылі пачаць менавіта з Рэнесансу і Барока. А з наступнай восені бяромся запісаць усё, што ўжо развучана з песеннай спадчыны — у асноўным гэта застольныя і рыцарскія песні”.
Некалькі песень з будучага альбома прагучаць на прэзентацыі “Santa Maria” у Мінску. На другой пласцінцы будуць песні рознай тэматыкі — рамантычнай, рэлігійнай, “брутальна-застольнай пра п’янку” ды іншыя.
Акрамя тэматыкі Рэнесанса і Барока, у альбом “Santa Maria”, які быў прадстаўлены падчас прэс-канферэнцыі гурта, увайшлі дзве песні, не вельмі ўласцівыя для рэпертуару “Старога Ольсы”. “За 14 гадоў існавання гурта ў нас было ўсяго дзве рэлігійныя песні, — удакладняе Сасноўскі. — І вось з’явіліся яшчэ дзве — “Ave Maria” і “Santa Maria” са зборніка Альфонса Х Мудрага”.
Як лічаць самі музыкі, унікальнасць альбома “Santa Maria” не толькі ў тэхнічным выкананні кампазіцый, але і ў тым, што гурт пачаў самастойна займацца прадзюсаваннем.
“Гэта першы альбом, які мы зрабілі без прадзюсараў і спонсараў, — тлумачыць Зміцер Сасноўскі. — І гэта першы альбом, калі на творчасць гурта ўплывалі толькі нашы асабістыя эстэтычныя і навукова-даследчыцкія погляды. Нейкага знешняга крытэру на выкананне кампазіцый не існавала”.
У падтрымку альбома гурт адправіцца ў тур па гарадах Беларусі і Украіны. Мінская прэзентацыя “Santa Maria” адбудзецца 17 лістапада ў ДК МТЗ.