Хакейнае мінскае "Дынама" скасавала кантракт з Шорам

Хакейнае мінскае "Дынама" скасавала кантракт з Шорам

Кіраўніцтва хакейнага клуба "Дынама-Мінск" агучыла кадравыя змены. Як вядома, каманда прайграла ў чэмпіянаце КХЛ 11 матчаў запар. Гендырэктар Дзмітрый Баскаў абяцаў, што на гэта будзе рэакцыя і яна адбылася. Змены не закранулі трэнерскі штаб, але датычаць двух легіянераў.

Як інфармуе прэс-служба дынамаўцаў, скасаваны кантракт з нападаючым Дру Шорам ("па пагадненні бакоў без выплаты кампенсацыі"). Нападаючы Шэйн Прынс выстаўлены на драфт адмоваў. На працягу 48 гадзін яго можа выбраць іншы клуб лігі. У фарм-клуб "Юнацтва-Мінск" адправілі абаронцаў Рамана Дзюкава і Данііла Бакуна, нападаючага Андрэя Сцяпанава. Яшчэ аднаго нападаючага Мікіту Феакцістава адправілі ў фарм-клуб "Дынама-Маладзечна".

Баскаў назваў Шора выдатным нападаючым, але "на пазіцыю цэнтральнага нападаючага вядучага звяна... на дадзеным этапе... неабходны хакеіст з крыху іншымі якасцямі". Гэтую "кадравую праблему" вырашаць з дапамогай "дастатковай сумы", якая вызваліцца пасля развітання з легіянерам. Што да Прынса, дык ад яго кіраўніцтва клуба чакала большага. Меркавалася, што ён будзе вызначаць гульню каманды і "ўносіць істотны ўнёсак у вынік". Аднак на справе атрымалася інакш.

"Усе рашэнні, якія мы прымаем сёння, былі няпростымі і доўга абмяркоўваліся з трэнерскім штабам, пакуль мы не прыйшлі да агульнай пазіцыі", — сказаў гендырэктар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі