Хакейны чэмпіянат перашкодзіў жалобнай цырымоніі ў месцы масавых расстрэлаў
9 траўня прадстаўнікі габрэйскай грамадскасці не змогуць арганізавана ўшанаваць памяць ахвяраў у месцы масавых расстрэлаў — на "Яме".
Абвестка пра гэта з'явілася ў Мінскім габрэйскім абшчынным доме. Звычайна на такую цырымонію збіралася каля 300-400 чалавек. Яны паміналі людзей, загінулых у мінскім гета.
Гарадскія ўлады патлумачылі, што не змогуць арганізаваць бяспеку ўдзельнікаў мерапрыемства, бо міліцыя і медыкі будуць занятыя на чэмпіянаце свету па хакеі.
Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавяла выканаўчы дырэктар Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчынаў Іна Бяздзержская.
Бяздзержская: "Перакрыта не будзе нічога. Калі ласка — можна спусціцца ў "Яму", пакласці кветкі. Не абавязкова ж стаяць там і мітынгаваць! З намі кансультаваліся, раіліся... Нас ветліва папрасілі: вось такая сітуацыя 9-га будзе ў горадзе — пайдзіце, калі ласка, насустрач".
Па словах Бяздзержскай, арганізаваная цырымонія ў "Яме" пройдзе, магчыма, 3 ліпеня ці ў нейкі іншы дзень.
Фота з сацыяльных сетак