Хірург Андрэй Любецкі расказаў у інтэрв'ю з СІЗА, як змяніўся ў няволі

Андрэй Любецкі / spring96.org​
Андрэй Любецкі / spring96.org​

Вядомы сківічна-тварны хірург Андрэй Любецкі ў СІЗА зрэдку дапамагае ў якасці кансультанта, пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю "Нашай Ніве".

Хірург ужо пяць месяцаў знаходзіцца ў зняволенні. Яго абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ). Перад тым, як яго затрымалі, у СІЗА КДБ тры дні правяла яго жонка, доктар-стаматолаг Наталля Любецкая. Пазней яна разам з чатырма дзецьмі змагла з'ехаць за мяжу.

"Калі яна з'язджала і гэта атрымалася, я быў шчаслівы, што ўдалося. А я вытрымаю, перажыву", — расказаў ён у інтэрв'ю выданню.

На пытанне журналістаў, як змянілі яго месяцы ў зняволенні, доктар аджартаваўся, што "стаў больш дарослым". Ён таксама расказаў, што з забаваў у СІЗА — магчымасць займацца нямецкай мовай, прагулкі і спорт.

"Займаюся хвілін 40-60, на розныя групы цягліц. Гантэлі — гэта сумкі з цукрам і вадой", — расказвае Любецкі

Прызнаецца, што не сумуе без Facebook, куды раней часта пісаў. Сумуе без сям'і і некаторых сяброў.

Прашчэпкі ад каранавіруса не рабіў. Па-першае, таму, што ўжо перахварэў на COVID-19, а па-другое, таму, што не давярае вакцынам.

Блізкага суда чакае з "пазітыўным" настроем.

"Як бы яны ні стараліся, усе (мае родныя, знаёмыя, сябры) ведаюць, што я не вінаваты. І мне не сорамна глядзець людзям у вочы!" — заявіў вядомы хірург.

Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у 4-й дзіцячай бальніцы Мінска. Летась ён валанцёрыў пад Акрэсціна. У кастрычніку 2020 года правёў два дні за кратамі, быў аштрафаваны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі