Хіжынкова апублікавала першы запіс у Instagram пасля выхаду на свабоду
Вольга Хіжынкова / Фота: Instagram
Вольга Хіжынкова, былы прэс-сакратар ФК "Дынама-Брэст", "Міс-Беларусь — 2008", якая выйшла на волю 20 снежня пасля 42 сутак арышту, апублікавала ў Instagram свой першы пост.
У ім яна дзякуе беларусам за падтрымку і захапляецца тымі, хто перажываў за яе ўсе 42 дні зняволення.
"Я не магу адказаць усім, але спадзяюся, вы ведаеце, як я вам ўдзячная. Гэта шчасце — адчуваць падтрымку і любоў такой колькасці людзей. Складаны 2020-ы я буду праводзіць з усведамленнем, наколькі мы можам быць моцнымі ў сваёй гатоўнасці падставіць плячо. Мабыць, у беларусаў уключыўся нейкі ўнутраны рэсурс, які ператварае адмоўную энэргію ў стваральную. І папаўняецца ён, калі мы аддаем, а не атрымліваем. Дзякуй, неверагодныя беларусы", — напісала Хіжынкова.
Нагадаем, Вольгу Хіжынкову затрымалі ў Мінску 8 лістапада, калі сілавікі разганялі акцыю пратэсту. Пасля гэтага пачалася чарада судоў, на якім ёй прысуджалі "суткі": праз тры дні пасля затрымання, потым яшчэ два разы да адбыцця першага. У выніку Хіжынкова правяла за кратамі больш за месяц.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў Вольга Хіжынкова публічна выказалася супраць гвалту з боку беларускіх сілавікоў і за новыя прэзідэнцкія выбары, смела выказвала сваё меркаванне наконт сітуацыі ў нашай краіне. У выніку Хіжынкова страціла працу ў Нацыянальнай школе прыгажосці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.