Хлопец, які абяцаў “рэзаць беларускіх патрыётаў”, аказаўся тролем з Расіі
На мінулым тыдні шэраг беларускіх сайтаў перадрукаваў інтэрв’ю з Антонам Сегавым, які паабяцаў “рэзаць жыўцом свядомых ура-патрыётаў у РБ”. Чалавек прадставіўся беларусам, які вучыўся стральбе і тактыцы ў расійскага баевіка і неанацыста Дзмітрыя Мільчакова.
Няўжо ў нашай краіне ёсць прыхільнікі “рускага міру”, гатовыя да вайны, калі “Расія дасць ім сігнал”? А менавіта так Антон Сегаў адказаў журналістам. Пры гэтым ён запэўніваў, што беларускія спецслужбы такіх, як ён, падтрымліваюць і не прыцягваюць да адказнасці.
Паспрабуем адшукаць Антона Сегава і праверыць гэтую інфармацыю.
Перш-наперш выходзім на магілёўца Дзмітрыя М., які сапраўды ў сярэдзіне кастрычніка ездзіў на трэніроўкі да Мільчакова ў Расію.
“Я не ведаю, хто такі Антон Сегаў, — разводзіць рукамі крыніца.
Высвятляецца, што Сегаў — досыць актыўны ў сацсетках. Яго любімы занятак — “ваяваць” з украінцамі і беларусамі, якія не падтрымліваюць “рускі мір”.
У некаторых суполках Антон сцвярджае, што жыве ў Харкаве. У некаторых, што ў Беларусі.
Ёсць у Антона слабасць — камп'ютарныя гульні. Яго любімыя мянушкі — “мега-донат” і “Отходняк”. Некалькі гадоў таму IT-журналіст Аляксей Ткачук браў у Антона Сегава інтэрв’ю. Журналіст прадаставіў Еўрарадыё перапіску.
“Я Антон з нафтавай сталіцы Расіі горада Ніжневартаўска. У рэальным жыцці я інжэнер-праграміст на газаперапрацоўчым заводзе”, — вось як наш герой прадстаўляецца журналісту.
Аказваецца, Антон Сегаў — сапраўднае імя. Яму 26, сапраўды жыве ў Ніжневартаўску.
У 2012 годзе хлопец у пошуках працы пакінуў рэзюмэ на адным з папулярных маскоўскіх сайтаў. І распісаў там, што скончыў у сваім горадзе школу №4 (як аказалася, усяго 9 класаў), што працаваў рознарабочым ды адміністратарам у камп'ютарным клубе, любіць інтэрнэт-гульні.
Давайце ўсё згладзім. Ён бухае, яшчэ да таго ж хварэе, не разумее, што піша. Неадэкват.
Пасля гісторыі з інтэрв’ю беларускім СМІ Антон выдаліў сваю старонку, таму звязваемся з яго малодшым братам Данілам Сегавым, які цяпер праходзіць тэрміновую службу ў расійскай дэсантуры недалёка ад Ніжневартаўска.
“Давайце ўсё згладзім. Ён бухае, яшчэ да таго ж хварэе, прыступы бываюць, не разумее, што піша. Неадэкват!” — сцісла апісвае брат.
Самому Антону Сегаву пішам з фэйкавага акаўнта і прадстаўляемся беларускімі ваеннымі. “Баявік” ідзе на кантакт. Падчас гутаркі тлумачыць прычыну, чаму выдаў сябе за беларуса, які “чакае сігналу, каб рэзаць ура-патрыётаў”:
“Была славесная перапалка з адным беларусам у суполцы “ДШРГ Русіч”. Пасля гэтага мне напісаў журналіст. На эмоцыях, каб вые….ца, вырашыў адказаць у стылі, што я беларус”.
— А калі вы ў апошні раз былі ў Беларусі?
— Гадоў пяць мне было, быў яшчэ малы.
У дадатак да гэтага Антон Сегаў кажа, што ніколі не служыў у войску, працуе ў Ніжневартаўску ў сферы нафтаздабычы, не мае нічога супраць беларускай мовы, бо яе не ведае.