"Холадна было, сагрэцца хацеў" — нецвярозы мужчына разбіў дзверы ў бальніцы
Мужчына, які разбіў дзверы бальніцы, быў нецвярозы / pixabay.com
Мінская міліцыя затрымала нецвярозага мужчыну, які урнай разбіў шкляныя дзверы цэнтральнага ўвахода адной са сталічных клінік, расказалі ў дэпартаменце аховы МУС.
Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 8 верасня. Мужчына трапіў у бальніцу з парэзам рукі — патлумачыў, што разбіў дома шкло. Яго прынялі, аказалі дапамогу і адпусцілі дадому. Але пацыент адмовіўся сыходзіць — сказаў, што яму няма дзе начаваць.
З бальніцы яго вывеў паставы міліцыянт. Але пацыент далёка не сышоў і "літаральна праз 20 хвілін вярнуўся з урнай у руках" — і разбіў шкляныя дзверы, як распавялі ў міліцыі.
На пытанне, навошта ён гэта зрабіў, мужчына сказаў, што "холадна было, сагрэцца хацеў". Яго затрымалі і адвезлі "грэцца" ў Кастрычніцкае РУУС.
Затрыманаму 49 гадоў. Ён — вадзіцель. Раней праблем з законам не меў. Падчас візіту ў клініку быў адкрыта нецвярозы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.