Хто атрымае "шэнгены" на 5 гадоў? Чытаем візавае пагадненне паміж Беларуссю і ЕС

Хто атрымае "шэнгены" на 5 гадоў? Чытаем візавае пагадненне паміж Беларуссю і ЕС

15 красавіка на Нацыянальным прававым партале апублікаванае "Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз". У дакуменце прапісана, хто з грамадзян Беларусі набывае права атрымліваць шэнгенскія візы адразу на 5 гадоў.

Спойлер: на жаль, далёка не ўсе. Пашанцавала:

- чальцам нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парламентаў, Канстытуцыйнага суда і Вярхоўнага суда (падчас выканання імі сваіх абавязкаў);

- пастаянным чальцам афіцыйных дэлегацый, якія маюць неабходнасць рэгулярна прымаць удзел у сустрэчах, кансультацыях, перагаворах ці праграмах абмену, а таксама ў мерапрыемствах на тэрыторыі дзяржаў-сябраў Еўрасаюза міжурадавымі арганізацыямі;

- сваякам (мужу, жонцы, дзецям ва ўзросце да 21 года ці на ўтрыманні, бацькам і асобам, якія выконваюць бацькоўскія абавязкі, дзядулям і бабулям, унукам і ўнучкам), якія наведваюць грамадзян Беларусі, якія легальна пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-сябраў Еўрасаюза ці грамадзян ЕС, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржаў, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца;

- прадпрымальнікам і прадстаўнікам дзелавых арганізацый, якія рэгулярна падарожнічаюць у дзяржавы-сябры Еўрасаюза.

Але нават гэтым катэгорыям асобаў пяцігадовы "шэнген" можа не дастацца, калі неабходнасць ажыццяўляць паездкі відавочна абмяжоўваецца больш кароткім перыядам. Напрыклад, калі тэрмін знаходжання ў якасці пастаяннага чальца афіцыйнай дэлегацыі складае менш за 5 гадоў; калі тэрмін дзеяння дазволу на пражыванне грамадзян Беларусі на тэрыторыі Еўрасаюза складае менш за 5 гадоў; калі тэрмін дзеяння статуса прадстаўніка дзелавой арганізацыі або рабочы кантракт складаюць менш за 5 гадоў.

Шматразовыя візы тэрмінам дзеяння ад 2 да 5 гадоў могуць атрымаць і іншыя катэгорыі грамадзянаў: дальнабоі, навукоўцы, студэнты і аспіранты, якія вучацца ў ЕС, спартоўцы, прадстаўнікі арганізацый грамадскай супольнасці, журналісты і іншыя.

Аднак ёсць умова: на працягу папярэдніх двух гадоў яны мусілі выкарыстаць шматразовыя візы тэрмінам дзеяння да 1 года, не парушаючы заканадаўства дзяржавы, якую яны наведвалі. Што праўда, калі неабходнасць ці намер ездзіць у Еўрапейскі саюз відавочна абмяжоўваецца больш кароткім перыядам, тэрмін дзеяння шматразовай візы будзе абмежаваны гэтым перыядам.

2 красавіка "Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз" ратыфікаванае беларускім парламентам: як Палатай прадстаўнікоў, так і Саветам Рэспублікі. Калі Еўрапарламент паспее выканаць неабходныя фармальнасці за красавік, пагадненне пачне дзейнічаць з 2 чэрвеня.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі