Каму належыць "Малітва" — Моўчану ці "Песнярам"?

25 сакавіка працягнуўся суд па справе кампазітара Алега Моўчана і спявачкі Анастасіі Шпакоўскай, якую былы "пясняр" абвінавачвае ў незаконнай перапрацоўцы яго песні "Малітва".

У Мінску пачаўся суд па іску кампазітара Моўчана да Шпакоўскай


У адказ на іск Моўчана Шпакоўская падала сустрэчны іск, у якім настойвае, што песня была створаная на дзяржаўныя грошы ў сааўтарстве Моўчана і Мулявіна. Анастасія прадставіла суду дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў час напісання песні Алег Моўчан працаваў у ансамблі "Песняры", і калектыў у сваю чаргу атрымаў грошы на праграму "Голас душы" (куды ўвайшла і "Малітва") з бюджэту дзяржавы. З чаго, на думку Шпакоўскай, вынікае, што твор належыць не канкрэтна Моўчану, а ансамблю "Песняры". Таксама лідар гурта Naka заявіла, што мае сведак — былога гукарэжысёра "Песняроў", які запісваў "Малітву", Аляксандра Папроцкага, спевака Валерыя Дайнэку і былую жонку Алега Моўчана, якія дапамогуць праясніць сітуацыю.


Сам кампазітар не прызнаў іск Шпакоўскай. Алег Моўчан заявіў, што менавіта яму належаць выключныя аўтарскія правы на "Малітву", ніколі і ніхто не спрабаваў аспрэчыць гэты факт.


Адвакат кампазітара Аляксандр Самусеў папрасіў суд адхіліць іск Анастасіі Шпакоўскай і аб'явіў, што чакаецца ўдакладненне пазіцыі істца і хадайніцтва пра далучэнне да справы суадказчыкаў — музыкаў і гукарэжысёра гурта Naka, якія былі выслуханыя ў судзе ў якасці сведак і пацвердзілі свой удзел у перапрацоўцы песні "Малітва" Алега Моўчана. Паводле прадстаўніка Моўчана, сума спагнання застаецца ранейшай, 18 мільёнаў, але цяпер яна мусіць быць раздзеленая паміж усімі ўдзельнікамі каманды, праўда, пакуль не вядома, у якой прапорцыі.

Слуханні па справе працягнуцца 26 сакавіка.

Нагадаем, Анастасія Шпакоўская і гурт Naka узялі ўдзел у праекце Re:Песняры, прымеркаваным да 45-годдзя "Песняроў". Падчас падрыхтоўкі трыб'юта ініцыятары сутыкнуліся з шэрагам праблем. Кампазітар Алег Моўчан не дазволіў уключаць у праект яго знакамітую "Малітву" (версія Шпакоўскай яму не спадабалася). Нягледзячы на забарону аўтара, гурт Naka рызыкнуў і выканаў свой варыянт "Малітвы" на прэзентацыі праекта.

Фота: www.vma-pesnyary.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі