Хто хутчэй змог бы ўступіць у ЕС, Украіна ці Беларусь?
Украіна не зможа стаць чальцом Еўрасаюза і NATO у бліжэйшыя 20-25 гадоў. З такой заявай выступіў старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер. Прычына ў ваенным канфлікце на ўсходзе краіны і недастатковасці намаганняў урада ў барацьбе з карупцыяй і рэфармаванні органаў юстыцыі, падкрэсліў Юнкер.
Вядомы украінскі аналітык Віталь Портнікаў адзначае, што 20-25 гадоў на ўступленне ў ЕС — нармальны тэрмін.
“Для такіх краін, як Літва, Латвія ці Эстонія час ад пачатку рэформ да ўступлення ў Еўрасаюз склаў 13 гадоў. Пры тым, у гэтых краінаў не было тэрытарыяльнага канфлікту з суседзямі. А вось у Харватыі, якая такі канфлікт мела, гэты час заняў 22 гады”.
Колькі б часу заняло ў Беларусі ўступленне ў Еўрасаюз, калі б яно раптоўна пачалося сёння?
Па словах Портнікава, у Беларусі яшчэ не пачаліся эканамічныя рэформы, не падпісаная дамова аб Асацыяцыі з ЕС, не выкарыстоўваюцца нормы еўрапейскага заканадаўства. Таксама неабходнай умовай з’яўляецца змена палітычнай сістэмы. Які час гэта зойме ў Беларусі, можна толькі здагадвацца, разважае аналітык.
Акрамя перыяду, які будзе патрэбны на ўсе гэтыя рэформы, варта дадаць час, неабходны для падрыхтоўкі Асацыяцыі з ЕС. Гэта тэхнічная працэдура займае каля 5-7 гадоў. Затым час на ўвядзенне норм еўрапейскага заканадаўства і эканамічныя рэформы. Ва ўсіх новых краінах Еўрасаюза гэта займала не менш за 10 гадоў. Такім чынам, гэта не менш за 15-17 гадоў, і толькі пры ўмове, што Беларусь не будзе мець тэрытарыяльных канфліктаў.
“Але ёсць яшчэ адна праблема, Беларусь мусіць выйсці з Еўразійскага эканамічнага саюза. А калі яна захоча ўступаць у NATO — тады і з Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. І гэта таксама зойме пэўны час пры любым урадзе краіны. Калі не будзе развалу гэтых блокаў, як гэта адбылося з Варшаўскай дамовай ці Саветам эканамічнай узаемадапамогі. Тады таксама накіньце яшчэ гады 3-4”, — выказвае меркаванне Віталь Портнікаў.
А вось украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка кажа, што пры пэўных умовах Беларусь мела б магчымасць увайсці ў Еўрасаюз хутчэй за Украіну.
“Калі б Беларусь была дэмакратычнай краінай, яна б хутчэй за Украіну ўвайшла ў склад Еўрасаюза. Таму што яна меншая па маштабе, і ў Беларусі няма такіх праблем з карупцыяй, як ва Украіне. І гэта краіна з неалегархічнай палітычнай і эканамічнай сістэмай”, — адзначае Фясенка.
З украінскім палітолагам пагаджаецца і кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” Уладзімір Мацкевіч.
“Калі, напрыклад, узяць адмашку, што, напрыклад, працэс пайшоў з сённяшняга дня, тады на гэта спатрэбіцца 8-10 гадоў. Калі пачатак адліку браць ужо пасля змены рэжыму і гэтак далей, тады, можа, 5-6 гадоў”.
Падобнага меркавання прытрымліваецца і іншы беларускі палітолаг Андрэй Казакевіч.
“Пры пэўнай падрыхтоўцы гэта заняло б 15 гадоў, каб быць гатовай настолькі, наколькі была гатовая Балгарыя ў свой час да інтэграцыі, ці скажам, як Сербія, якая прасоўваецца ў гэтым накірунку. Выйсці на такія паказчыкі ў межах такога гарызонту і пры наяўнасці палітычнай волі, цалкам магчыма”, — кажа палітолаг.