"Ідзі і слухай": падкаст пра жонак баевікоў "Ісламскай дзяржавы"

Ілюстрацыя Сафіі Максімовіч / "Забарона"
Ілюстрацыя Сафіі Максімовіч / "Забарона"

Украінскае выданне "Забарона" выпусціла першы сезон дэтэктыўнага подкасту "Ідзі і слухай". Ён прысвечаны жанчынам, якія ўслед за сваімі мужамі паехалі на тэрыторыю "Ісламскай дзяржавы". Цяпер яны ўтрымліваюцца ў турмах і большасць з іх не можа вярнуцца на радзіму. У гэтым тэксце коратка пераказваецца самае важнае з падкасту, а таксама тлумачыцца, чаму гэта тэма важная.

Навошта гэтыя жанчыны наогул туды ехалі

У 2014 годзе тысячы людзей з усяго свету паехалі на тэрыторыю Сірыі, каб далучыцца да тэрарыстычнай арганізацыі "Ісламская дзяржава". Туды адправіліся не толькі баевікі, але і іх жонкі з дзецьмі, а таксама жанчыны, якіх паклікалі замуж. Акрамя таго, па ўсім свеце працавалі вярбоўшчыкі — яны падманам заваблівалі жанчын у Сірыю, прыдумляючы розныя прычыны.

У падкасце журналісты "Забароны" гавораць з некалькімі жанчынамі, якія з розных прычын апынуліся ў ІДІЛ. А таксама нашы калегі спрабуюць знайсці Хадзіджу — маладую харкаўчанку, якую ў 2015 годзе разам з мужам і дзіцем завербавалі ў "Ісламскую дзяржаву". Ужо некалькі гадоў яе беспаспяхова шукае маці Таццяна Кобелева, спрабуючы дамагчыся хоць нейкага садзейнічання і дапамогі ад украінскай дзяржавы і міжнародных арганізацый.

Яны парушылі закон?

Пра гэта гаворыцца ў чацвёртым эпізодзе падкасту. Міжнароднае права не дае адназначнага адказу на пытанне пра тое, ці тэрарысткі жонкі баевікоў. Некаторых жанчын асудзілі за незаконны пераход мяжы з Сірыі ў Ірак, але ў асноўным — за тое, што яны былі ўдзельнікамі "Ісламскай дзяржавы". Гэта азначае, што яны прысягнулі тэрарыстычнай арганізацыі, і гэта было зафіксавана ў дакументах ІДІЛ.

Як яны жылі ў ІДІЛ

Бытавым аспектам жыцця на тэрыторыі, падкантрольнай "Ісламскай дзяржаве", прысвечаны другі эпізод падкасту. Жанчыны не мелі права перасоўвацца па-за домам без суправаджэння і дазволу мужа альбо апекуна, павінны былі насіць вопратку, якая цалкам закрывае ногі, рукі і твар. Суразмоўніцы выдання расказваюць, што з забаў у іх былі толькі паходы на рынак па ежу і шопінг у гандлёвых цэнтрах. Слухаць музыку было забаронена. У асноўным жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і гатаваннем ежы.

Хто такая Хадзіджа

Хадзіджа — 33-гадовая харкаўчанка, якая ў 2015 годзе разам з сынам і быўшы цяжарнай другім дзіцем паляцела ў Турцыю, адкуль яе перавезлі ў Сірыю. Яе маці Таццяна Кобелева сцвярджае, што яе завербавала суседка пасля таго, як муж Хадзіджы, грамадзянін Іарданіі, забараніў ёй мець зносіны з кім-небудзь з ранейшага кола сяброў і блізкіх. Апошні раз Хадзіджа выйшла на сувязь з маці ў пачатку 2017 года, і з тых часоў Таццяна Кобелева шукае магчымасць даведацца, што адбылося з ёй і ўнукамі.

Яе дзіця знайшлі?

"Забарона" знайшла фатаграфіі з Ірака, на якіх дзіця вельмі падобнае да старэйшага сына Хадзіджы. Пасля доўгіх зносін з гераінямі падкасту ў багдадскай турме журналісты высветлілі, што гэты хлопчык знаходзіцца ў адной з камер гэтай жа турмы "Расафа". "Забарона" дамаглася дазволу на правядзенне ДНК-тэста, каб высветліць, ці ёсць гэта дзіця ўнукам Таццяны Кобелевай, у найбліжэйшы час будуць вядомыя вынікі тэста. Пра гэта — у першай серыі падкасту.

Што адбываецца з гэтымі жонкамі цяпер

Дзве гераіні падкасту, Аня і Рушэна, працягваюць утрымлівацца ў багдадскай турме. У іх пажыццёвыя тэрміны за ўдзел у ІДІЛ. Іншая гераіня, чачэнка з нямецкім пашпартам Фаціма, жыве ў Нямеччыне і спрабуе знайсці сваіх родных, якія зніклі ў час баявых дзеянняў у Масуле. Пра тое, як яны трапілі ў турму, расказваецца ў трэцім эпізодзе падкасту.

Навошта вяртаць гэтых жанчын на радзіму

Большасць дзяржаў, чые грамадзяне былі ў ІДІЛ, паступова вяртаюць іх дадому з турмаў Ірака і лагераў бежанцаў у Сірыі. На радзіме гэтыя людзі, як правіла, праходзяць рэабілітацыю. Некаторых судзяць за прапаганду "Ісламскай дзяржавы", вярбоўку і ўдзел у баявых дзеяннях (сярод жанчын і падлеткаў былі і такія). Вяртанне сваіх грамадзян на радзіму лічыцца важным этапам для рэсацыялізацыі такіх людзей. Акрамя таго, у турмах і лагерах бежанцаў цяжкія ўмовы для жыцця — асабліва для дзяцей. Пра гэта — у чацвёртым эпізодзе падкасту.

Праблема, пра якую трэба гаварыць

Да восені 2020 года Украіна не прызнавала адкрыта, што ў "Ісламскай дзяржаве" былі яе грамадзяне. Аднак сваячкі некаторых жанчын, якія апынуліся ў лагерах бежанцаў у Сірыі і турмах Ірака, звярнуліся да ўладаў з просьбай вярнуць іх, каб аб'яднаць сем'і. Як ставіцца да сем'яў, якія вяртаюцца з "Ісламскай дзяржавы", — важнае пытанне, і грамадства павінна ставіць яго перад сабой.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі