Ільготныя крэдыты на жыллё выдадуць з вернутых насельніцтвам крэдытаў
Пытанне ільготных крэдытаў на будаўніцтва жытла разглядалася 14 верасня на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы. Праект бюджэту на 2017 год прадугледжвае дзяржаўную падтрымку жыллёвага будаўніцтва, паведаміла намесніца старшыні камісіі Святлана Шылава.
"Дзяржаўную падтрымку жыллёвага будаўніцтва ў выглядзе льготнага крэдытавання плануецца ажыццяўляць у межах вяртання выдадзеных раней насельніцтву на гэтыя мэты крэдытаў у аб'ёме каля 130 млн рублёў", — перадае БЕЛТА словы Шылавай.
Таксама на льготныя крэдыты могуць разлічваць шматдзетныя сем'і, якія стаяць на ўліку больш за тры гады. Крэдыты ім будзе выдаваць АСБ "Беларусбанк", які вылучыць на гэта 54,6 млн рублёў. Кампенсацыя адсоткаў будзе рабіцца з рэспубліканскага бюджэту.
Акрамя таго на крэдытаванне жыллёвай праграмы могуць накіроўвацца ўласныя рэсурсы банкаў з кампенсацыяй па гэтых крэдытах 50% стаўкі рэфінансавання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Прадугледжваецца, што агулам гэтыя сродкі складуць 319,2 млн рублёў.