іli-іli "Past Perfect"

130125_agljadacha.mp3

Калектыў быў створаны Міхаілам Зуем ды Змітром Есяневічам, якія пачыналі з выбітным праектам 2000-х “ДзеціДзяцей”. Першы музычны досвед хлопцаў, у прынцыпе, адчуваецца і ў творчасці новага калектыву. Тут прысутнічае і “тэатральнасць” саміх песень, і спроба дадаць тэкстам эмацыйнасці, але эмацыйнасці без выбухаў... У той жа час, гэтыя два праекты абсалютна непадобныя, хоць бы і багатым, але ненавязлівым ужываннем электронікі.

Першы трэк дыска “Время” вельмі ўражвае, ён залагоджвае, расцягвае па крэсле, а пафаснае інтра наладжвае на такі ж працяг. Усё вельмі меланхалічна, але і сапраўды пазітыўна, усё тужліва, але з усмешкай задавальнення. Песня “Луна” вельмі дакладна падтрымлівае зададзены на пачатку настрой. Лёгкі ды мяккі па гучанні трэк смела можна назваць адным з на жаль, нешматлікіх хітоў "Past Perfect".

Песня “V.V.” — адзіная беларускамоўная на альбоме. Можа, менавіта з-за мовы, а можа, і з-за цікавай структуры, ці “начыткі” ў куплеце, яна выбіваецца з агульнага шэрагу. Праўда, гэты факт спрацоўвае, хутчэй, станоўча, бо трэк меладычна моцны і ў той жа час, лёгка запамінаецца. Ужо на першай хвіліне здаецца, што можаш падпяваць, вось толькі вымавіць тэкставыя скорагаворкі наўрад ці адразу атрымаецца.

А вось далей альбом "Past Perfect" пачынае сыпацца. Песня “Сон” яшчэ неяк падтрымлівае першапачатковыя ўражанні, “Наблюдение” пакідае надзею, што не ўсё так дрэнна, а вось “блок пра дрэвы” пераконвае, што дыск “садзьмуўся”. На трэках “9-этажные деревья” і “Дерево” пачынаеш стамляцца, і ўзнікае жаданне ўзяць перапынак.

З’яўленне жаночага вакалу на “Никто не сказал прости” літаральна агаломшвае. Музыкі, відаць, жадалі разбавіць альбом, а атрымалася, што канчаткова падзялілі яго на дзве часткі. Можа, трэба было ўводзіць Алену Зуй-Вайцяхоўскую не так рэзка. Можа, варта было аддаць ёй выкананне часткова, ці наадварот дадаць яе бэкі і ў іншых трэках.

Агулам, музыку Ili-Ili можна назваць якаснай і прывабнай альтэрнатывай беларускай папсе. І ўжо калі весці гаворку пра нейкія нацыянальныя музычныя папсовыя ўзнагароды, то менавіта "Past Perfect" і мусіў быць там намінаванаым ды, безумоўна, ушанаваны. Варта дадаць, што праграма гурта будзе да месца і на буйных оупэн-эйрах і ў маленечкіх клубах Застаецца толькі пачынаць канцэртаваць, што апошнім часам хлопцы не вельмі любяць рабіць.

 

Трэк-ліст:

01.  Время

02.  Луна

03.  V.V.

04.  Сон

05.  Наблюдение

06.  Дерево

07.  9-этажные деревья

08.  Никто не сказал «прости»

09.  Майский дождь

10.  To be

11.  Парад планет

12.  Фейерверк

Музыка і словыili-ili

Склад:

Зміцер Есяневіч — вакал, гітара, сінтэзатары
Міхаіл Зуй — вакал, гітара, сінтэзатары
Павел Яскевіч — вакал, гітара, сінтэзатары
Віталь Кулеўскі — вакал, гітара, сінтэзаторы

У запісе бралі ўдзел:

Алена Зуй-Вайцехоўская — вакал

Запіс, звядзенне, майстарынг:

Віталь Кулеўскі, студыя Sunflowers

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі