Іосуб: Дэнамінацыя — мэсэдж уладаў, што высокай інфляцыі больш не будзе
Правядзеннем дэнамінацыі ў Беларусі ўлады даюць зразумець, што перыяд высокай інфляцыі скончаны. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб:
“Прынамсі, рашаючыся на такі крок, улады не чакаюць, што ў бліжэйшай будучыні рубель зноўку моцна абясцэніцца і зноў прыйдзецца гэтую працэдуру паўтарыць”.
Іосуб адзначае, што няма жорсткага эканамічнага закона, які б рэгламентаваў правядзенне інфляцыі. У мінулыя гады кіраўніцтва Нацбанка казала, што закрэсліваць нулі на банкнотах варта, калі ўзровень інфляцыі стане ніжэй за 10%. Цяпер інфляцыя паступова зніжаецца, верасень 2015-га да верасня 2014 года — крыху меней за 12%. У наступным годзе чакаюць прыблізна такога ж узроўню.
Вадзім Іосуб дадае, што на дадзены момант на планеце не існуе краін, дзе праводзіліся б 4 дэнамінацыі. А ў Беларусі — гэта трэцяя пасля 1994 і 2000 гадоў.
Як паведамляла Еўрарадыё, 4 лістапада стала вядома, што з 1 ліпеня 2016 года ў Беларусі будзе праведзеная дэнамінацыя. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. З беларускіх грошаў прыбяруць чатыры нулі.
Фота: БЕЛТА