ІП і юрасобам будуць вяртаць частку выдаткаў на ўдзел у міжнародных выставах
Беларусы на выставе ITB у Берліне / germany.mfa.gov.by
Беларускія юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць прэтэндаваць на кампенсацыю з рэспубліканскага і абласных (горада Мінска) бюджэтаў часткі выдаткаў на ўдзел у міжнародных выставах і правядзенне ацэнкі адпаведнасці прадукцыі ў замежных дзяржавах. Праўда, кампенсаваць будуць не ўсе выдаткі, не ўсім прадпрымальнікам і не за ўсе выставы. Разбіраемся ва ўказе "Аб падтрымцы экспарту", які 14 лістапада падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Выдаткі пакрываюцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату прыняцця рашэння аб прадастаўленні кампенсацыі.
Прапановы па фарміраванні пераліку выстаў трэба накіраваць у дзяржорганы да 1 красавіка, спісы павінны быць сфармаваныя да 1 траўня.
Калі выстава ўключаная ў зацверджаны Саўмінам план нацыянальных выстаў Беларусі ў замежных дзяржавах, або юрыдычныя асобы і ІП прэтэндуюць ці атрымалі дзяржпадтрымку на ўдзел у выставе, кампенсацыя не выдаецца. Ёсць і патрабаванні да прадпрымальнікаў. Яны не змогуць прэтэндаваць на кампенсацыю сродкаў, калі яны маюць запазычанасць перад дзяржаўнымі бюджэтамі і пазабюджэтнымі фондамі, не выканалі абавязацельствы па пазыках (крэдытах), выдадзеных пад гарантыі ўрада і дзяржорганаў, або па выкананых гарантыях урада, знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
Указ набыў моц 15 лістапада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.