Кабінет Ціханоўскай заклікае да супрацьдзеяння рэжымам Лукашэнкі і Пуціна

Святлана Ціханоўская / delfi.lt
Святлана Ціханоўская / delfi.lt

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі выступіў з заявай "Аб супрацьстаянні пагрозам, звязаным з магчымым размяшчэннем расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі". У ёй заяўляецца аб недапушчальнасці размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таксама кабінет Святланы Ціханоўскай заклікае міжнародную супольнасць "да неадкладнага супрацьдзеяння рэжымам Лукашэнкі і Пуціна з мэтай недапушчэння міжнароднай катастрофы".

Суседнім краінам (Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі і Украіне) прапануецца "сумесна выпрацаваць адзіную пазіцыю і план дзеянняў па недапушчэнні размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі".

У заяве адзначаецца, што "размяшчэнне Расійскай Федэрацыяй ядзернай зброі ў Беларусі будзе з'яўляцца абуральным актам парушэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, які стварае сур'ёзную пагрозу незалежнасці Рэспублікі Беларусь і падрывае міжнародны мір і бяспеку". АПК патрабуе ад Расійскай Федэрацыі "адмовіцца ад планаў па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі і вывесці ўсе войскі і вайсковыя аб'екты з тэрыторыі Беларусі".

25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія размесціць у Беларусі сваю тактычную ядзерную зброю і што для яе будуецца сховішча. 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сказаў у "пасланні", быццам Беларусь таксама будзе мець кантроль над расійскай ядзернай зброяй. Масква ж гэтага не пацвярджае. Лукашэнка 5-6 красавіка сустракаецца ў РФ з Пуціным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі