З крэсла ў крэсла: Каго на каго памяняў Лукашэнка ва ўрадзе (інфаграфіка)

Разам з адстаўкай Міхаіла Мясніковіча і Надзеі Ермаковай змены ў адзін дзень закранулі кіраўніцтва Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей, Міністэрства адукацыі, прамысловасці, эканомікі, міністэрства па падатках і зборах, трох віцэ-прэм’ераў, кіраўніка Дзяржаўнага камітэта па маёмасці і шэрага іншых высокіх чыноўнікаў.

Міхаіл Мясніковіч стаў прэм’ер міністрам 28 снежня 2010 года, неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў. Фактычна Мясніковіч займаў пасаду кіраўніка урада роўна чатыры гады без аднаго дня. Даўжэй за яго у Беларусі прэм’ерстваваў толькі Сяргей Сідорскі — з 2003 па 2010 год. Амаль столькі ж — без некалькіх месяцаў — Сяргей Лінг.

Ва ўрад Мясніковіч прыйшоў пасля сыходу з пасады старшыні Прэзідыума Акадэміі навук Беларусі. З 1995 па 2001 год кіраваў Адміністрацыяй прэзідэнта.

Ужо былы прэм’ер-міністр мае доктарскую навуковую ступень, некаторыя эксперты называюць яго ледзьве не прыхільнікам рыначнай эканомікі.

Замест Мясніковіча пасаду прэм’ера заняў Андрэй Кабякоў, які дагэтуль кіраваў Адміністрацыяй кіраўніка краіны, а яшчэ раней быў паслом Беларусі ў Расіі, намеснікам кіраўніка урада, два гады (у 1998 — 2000) узначальваў Камітэт дзяржкантролю.

Нарадзіўся Андрэй Кабякоў у 1960 годзе ў Маскве. Жанаты, мае дачку і сына.

Надзея Ермакова стала кіраваць Нацбанкам пасля эканамічнай катастрофы 2011 года і хваробы Пятра Пракаповіча. Пасаду яна заняла 27 ліпеня 2011 года. Да прызначэння кіравала “Беларусбанкам”, яшчэ раней працавала ў банкаўскай сферы ў Шклове.

Першую адукацыю Надзея Ермакова атрымала ў Пінскім улікова-крэдытным тэхнікуме, тамсама вучыўся новы кіраўнік Нацыянальнага банка Павел Калаўр. Мінулым летам Надзея Ермакова расказала журналістам, што на канец 2014 года курс долара ў Беларусі будзе складаць каля 10800 рублёў. А таксама заявіла, што ўсе свае ашчаджэнні захоўвае у беларускіх рублях.

Павел Калаўр, які замяніў Ермакову, працуе ў Нацыянальным банку з 1993 года, некаторы час нават выконваў абавязкі кіраўніка яго праўлення. Нарадзіўся, як і Пётр Пракаповіч, у Брэсцкай вобласці, мае двух дзяцей.

Сяргей Маскевіч заняў пасаду міністра адукацыі ў канцы 2010 года. Дагэтуль быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, яшчэ раней працаваў рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Апошнім часам Маскевіча публічна крытыкаваў Лукашэнка за тое, што яго сын жыве ў ЗША.

Міхаіл Жураўкоў, які замяніў Маскевіча, да прызначэння працаваў прарэктарам у БДУ.

Міністэрствам па падатках і зборах да сённяшняга дня кіраваў Уладзімір Палуян, яго прызначылі ў снежні 2009 года. Дагэтуль некалькі гадоў быў намеснікам міністра. Нарадзіўся у Карэліцкім раёне Гродзеншчыны, мае 55 гадоў.

Замест Палуяна ведамства ўзначаліў яго былы намеснік Сяргей Налівайка. Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бабруйску, некаторы час кіраваў падатковай інспекцыяй Кастрычніцкага раёна Магілёва, адкуль пайшоў на павышэнне адразу ў міністэрства. Скончыў "Наргас", потым Акадэмію кіравання.

Кіраўнік Міністэрства эканомікі Мікалай Снапкоў стаў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Косінца. Ранейшую пасаду Снапкова заняў Уладзімір Зіноўскі, які раней узначальваў Белстат. Зіноўскі нарадзіўся на Магілёўшчыне, у Асіповіцкім раёне. Белстатам кіраваў з 1998 года.

Яшчэ адным намеснікам кіраўніка Адміністрацыі стаў першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі.

Дзмітрый Кацярыніч, які кіраваў Міністэрствам прамысловасці, стаў генеральным кіраўніком МАЗа. Яго пасаду заняў былы генеральны дырэктар Мінскага завода колавых цягачоў Віталь Воўк. Яму 53 гады, нарадзіўся ў Калінкавічах. На высокіх дзяржаўных пасадах раней не працаваў.

Уладзімір Сямяшка з першага намесніка прэм’ера стаў проста намеснікам. Старшыня наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава прызначана яшчэ адным намеснікам кіраўніка ўрада. Такую ж пасаду заняў Васіль Мацюшэўскі, які раней кіраваў БПС-Сбербанкам.

"Сур'ёзнага сэнсу я ў гэтым не бачу. Мясніковіча ўжо даўно хацелі адправіць у адстаўку. Ён даўно безыніцыятыўны. Ермакова ні шкоды, ні карысці не прынесла. Магчыма тыя, хто казаў, што ў прынятых мерах (аб 30%-м зборы на пакупку валюту — Еўрарадыё) больш карысці, ён павышаны, а тыя, хто казаў, што больш шкоды — тых прыбралі", — каментуе перастаноўкі эканаміст Сяргей Чалы.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб мае падобнае меркаванне: “Мяркую, што фінансавая і эканамічная палітыка стратэгічна фарміруецца не Саўмінам і Нацбанкам, і таму ад змены першых асоб гэтых ведамстваў не шмат залежыць. Персаналіі, якія прыйшлі наўзамен, каментаваць складана. Адзінае і відавочнае тое, што на тых, хто сышоў, будзе ўскладзеная фармальная адказнасць за нядаўні ажыятаж і іх прынясуць у ахвяру”.

Каментуючы новыя прызначэнні Лукашэнка адзначыў: "Для нас самая вялікая небяспека, самая вялікая зона адказнасці — гэта эканоміка. Таму ўвесь цяжар адказнасці за эканоміку ляжа на вас. Вы людзі падрыхтаваныя, вы папрацавалі ў самых перадавых банках свету. У нас новыя старшыня Нацбанка, прэм'ер-міністр і першы віцэ-прэм'ер. Разам з новым міністрам эканомікі і яго намеснікам — гэта 5 чалавек, 5 эканамістаў, якія будуць галавой адказваць за сітуацыю ў краіне ў плане фінансава-эканамічнага развіцця".

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі