Калі баевікі на ўсходзе Украіны не складуць зброю, у іх будуць страляць
Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Андрэй Сенчанка.
Ён адзначыў, што ўлада не мае нічога супраць мірных пратэстаў. Аднак цяпер сепаратысты сканцэнтравалі ў сябе вялікую колькасць зброі і пратэсты перасталі быць мірнымі, адзначае Сенчанка.
"Тым, хто быў з бітамі ў руках, мы парэкамендавалі не парушаць грамадскі парадак, пакінуць біты і пайсці працаваць. Але ў адносінах да тэрарыстаў будзе выкарыстоўвацца зброя, як гэта прынята ва ўсім свеце", — цытуе словы выконваючага абавязкі намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта УНІАН.
Андрэй Сенчанка падкрэсліў, што калі зброя не будзе здадзеная, спецпадраздзяленні, якія сцягнутыя ва ўсходнія вобласці, атрымаюць загад страляць. Фактычна, сепаратысты атрымалі ўльтыматум.
Нагадаем, раніцай спецназ вызваліў ад узброеных пратэстоўцаў будынак абласной дзяржадміністрацыі ў Харкаве, былі затрыманыя 64 чалавекі. У Данецку і Луганску працягваюцца перамовы аб здачы зброі і вызваленні захопленых будынкаў.
Фота — Reuters, censor.net.ua