Каля 200 журналістаў патрабуюць ад Мінінфарма рэакцыі на збіццё Дабравольскага
182 журналісты як з недзяржаўных, так і з дзяржаўных СМІ падпісаліся пад калектыўным зваротам міністру інфармацыі і генеральнаму пракурору. Іх зварот звязаны з фактам збіцця журналіста Паўла Дабравольскага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска.
Як піша tut.by, 1 лютага журналісты аднеслі зварот у Міністэрства інфармацыі. Аднак міністр Лілія Ананіч і яе намеснік Сяргей Хільман адмовіліся прыняць зварот асабіста і адправілі журналістаў рэгістраваць дакумент.
Журналісты просяць, каб Міністэрства інфармацыі адрэагавала на інцыдэнт, а таксама давяло да МУС і ўсіх яго структурных падраздзяленняў інфармацыю, што недапушчальна перашкаджаць законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў. Ад генпракурора журналісты чакаюць кантролю за ходам, паўнатой, бесстароннасцю і законнасцю праверкі па заяве Дабравольскага аб збіцці.
Дзеянні міліцыянтаў, якія збілі журналіста партала tut.by, у заяве называюцца "непрафесійнымі, якія выходзяць за межы прадастаўленых iм паўнамоцтваў, груба парушаюць закон, у прыватнасці законныя правы журналіста".
Пад зваротам падпісаліся журналісты газет "Комсомольская правда в Беларуси", "Автобизнес", "Звязда", "Белорусы и рынок", "Наша Ніва", а таксама супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, Еўрарадыё, выдання CityDog, тэлеканала "Воен-ТВ", KyKy.org і партала TUT.BY.
Як паведамлялася раней, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч асудзіла напад супрацоўнікаў міліцыі на журналіста Паўла Дабравольскага і заклікала ўлады неадкладна расследаваць гэты інцыдэнт.
Міліцыя заяўляе, што фізічная сіла ўжывалася для спынення супрацьпраўных дзеянняў у будынку суда.