"Канцэрт на траве" = "Кватэрнічак на прыродзе"
Ці як падабаецца працаваць і адпачываць беларусам.
На мінулых выходных хутар Шаблі чарговы раз стаў месцам паломніцтва беларускіх музыкаў і аматараў адпачынку на вольным паветры. На “Канцэрт на траве-2” прыехалі заяўленыя гурты The Silicon, Akute, Vinsent і "У нескладовае", а таксама не заяўлены Botanic Projekt. Ідэя з дапамогай музыкі і прыроды разварушыць мінчукоў выклікала захапленне не толькі ў публікі, але і ў музыкаў.
Вадзім Касалапаў "У нескладовае"
Рэпер Vinsent, жывы выступ якога каторы раз бадзёрыў і абяцаў светлую будучыню, упэўнены, што “Канцэрты на траве” навучаць беларусаў правільна адпачываць.
Vinsent: “Я лічу, што гэта вельмі класная ідэя, вельмі класная задума, таму што трэба прывучаць нашае насельніцтва да такога адпачынку. Значыць: на прыроду, на музыку, на актыўны адпачынак — у футбол пагуляць, у настольны тэніс. Я — за такі адпачынак! Атрымаўся такі кватэрнічак на прыродзе. А музыкам заўсёды за радасць прыехаць, пайграць, адпачыць. Гэта клас! Гэта прырода, свежае паветра, мы ўсе зліваемся з гэтым месцам і адчуваем карані”.
Vinsent
Дарэчы, як і абяцалі музыкі, на “Канцэрце на траве-2” яны амаль усе паказалі слухачам свае новыя песні. Ну а тры з пяцёх каманд у хуткім часе парадуюць фэнаў і новымі альбомамі. Vinsent плануе засесці за запіс ўжо ўвосень. Аднак не усе запісаныя творы трапяць на дыск.
Vinsent: “Дыск будзе адрознівацца ад мінулых прац у першую чаргу гучаннем, ну і тэкстава, думаю, ён стане больш цікавы. Тэксты будуць правераныя, будуць выбудаваны пэўныя канструкцыі, то бок будзе адбор. Я ўвогуле планую запісаць песень 20, напрыклад, і ў альбом уключыць 12-13”.
Адзіныя беларускія сёрф-рокеры — The Silicon, музыка якіх створаная адмыслова для вольнага паветра, — таксама маюць “альбомныя” планы на восень: музыкі маюць запісаць больш папулярную і прафесійную пласцінку. Пакуль жа яны смакуюць ідэю “Канцэртаў на траве”.
Зміцер Паплаўскі: “Мы для оўпэн-эйраў, па-мойму, самы што ні ёсць фармат. Таму што музыка цікавая, энергічная, прыгожая. Ды і ўсе гурты, якія выступалі, фарматныя оўпэн-эйраўскія гурты. Вядома, гэта выдатная ідэя. Добра, што ёсць людзі, якія здольныя дастаць са свайго гаманца ўласныя накапленні і патраціць іх на тое, каб зладзіць такі оўпэн-эйр, каб хоць нешта ў гэтай краіне адбылося. Таму што ў нас у Мінску і ў Беларусі ўвогуле гэтым летам сапраўдны мёртвы сезон. А тут усе задаволеныя, усе спяваюць песні, адпачываюць, і ніхто не парыцца,ніхто, па-мойму, “не ўляцеў”. Таму такія мерапрыемствы трэба ладзіць. І калі ёсць людзі, якія могуць гэта рабіць, — дык няхай робяць, і вялікі-вялікі ім за гэта дзякуй”.
Паказаў свае новыя песні падчас “Канцэрта на траве-2” і магілёўскі шматабяцаючы гурт Akute. Толькі прэзентаваўшы дэбютнік “Дзевачкі і Космас”, музыкі ўжо думаюць пра другую пласцінку.
Akute: “Мы зараз актыўна граем новыя песні, якія рыхтуем да другога альбома. Граем першы альбом — “Дзевачкі і Космас” і каля дзесяці новых песень”.
Прэзентаваць новыя кампазіцыі і альбом “Дзевачкі і Космас” Akute збіраюцца і на сёлетнім “Басовішчы”. Праўда, фармат оўпэн-эйра не надта дазваляе гурту варажыць.
Akute: “Я б сказаў, што мы больш клубны гурт. У клубе нам лягчэй стварыць сваю атмасферу Akute. На такіх мерапрыемствах народ танчыць, адпачывае, таму пазітыўныя гурты кшталту Botanic Projekt будуць лепш успрымацца. Але гэта не значыць, што мы тут не можам выступіць. Чаму не?”
Botanic Projekt сапраўды стварылі атмасферу натуральнага оўпэн-эйра, а “У нескладовае” завяршыла свята бадзёрымі песнямі пра адзіную ў свеце літару “Ў”. Але на гэтым свята свабоды не скончылася. Да ўсхода сонца па ваколіцах Шаблей разносіліся песні пад гітару на англійскай мове. На траву прыйшло новае пакаленне.
Знакаміты Андрэй Кабанаў
Уладзімір Шаблінскі