Канфлікт у гомельскай школе: хлопчыка з бацькам выклікалі ў міліцыю
Гомельская школа №15, дзе адбыўся інцыдэнт / svaboda.org
Чацвёртакласніка з гомельскай школы №15, чый канфлікт з настаўніцай выклікаў вялікі рэзананс, разам з бацькам выклікалі ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Як распавёў TUT.by бацька хлопчыка, яму патэлефанавалі з РАУС і запрасілі на гутарку. "Будуць, напэўна, тлумачэнні браць", — выказаў меркаванне ён.
У МУС Беларусі пацвердзілі факт выкліку хлопчыка ў міліцыю і паведамілі, што праверка вядзецца ў рамках адміністрацыйнага заканадаўства. "Цяпер апытваюцца ўсе ўдзельнікі канфлікту і прысутныя пры ім — педагог і шэраг дзяцей (пры ўдзеле іх законных прадстаўнікоў)", — распавяла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Як паведамляла Еўрарадыё, 19 верасня Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў чыноўнікаў за звальненне настаўніцы пасля таго, як яна вылаялася на дзіця. Па словах кіраўніка дзяржавы, на месцы настаўніка ён "галаву б адкруціў шчанюку нейкаму".