Капскі прапанаваў правесці нараду, прысвечаную будучыні беларускага футбола
Кіраўнік ФК БАТЭ Анатоль Капскі прапанаваў правесці нараду пра будучыню беларускага футбола. На яе ён прапануе паклікаць “лепшыя футбольныя розумы, сапраўдных спецыялістаў”.
Каментуючы ў інтэрв’ю сайту by.tribuna.com апошняе паражэнне нацыянальнай зборнай у адборачным матчы чэмпіянату свету (0:4 на “Барысаў-Арэне” ад шведаў), Капскі паразважаў пра няўдачы беларускага футбола. Ён прыгадаў, што яшчэ ў сакавіку звярнуў увагу Ігара Крывушэнкі (галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе) на трэнерскі штаб зборнай. Кіраўнік БАТЭ перакананы, што там “павінны працаваць людзі, якія маюць міжнародны вопыт і высокую трэнерскую адукацыю”. Іншая праблема — кваліфікацыя футбалістаў. “Так, сёння мы можам разагнаць цэнтральных абаронцаў, яшчэ кагосьці, — кажа Анатоль Капскі. — А каго запросім замест? Дзе яны?”. Паводле слоў Капскага, “людзі, якія не маюць вопыта міжнародных матчаў, не змогуць хутка адаптавацца да ўзроўня нацыянальнай зборнай”. Ён здзіўлены, што ў зборную трапляюць не самыя моцныя футбалісты з тых, што ёсць на сённяшні дзень.
Кіраўнік БАТЭ прапануе сабраць на дыскусію пра будучыню беларускага футбола і зборных “усіх найлепшых спецыялістаў, якія працуюць як у чэмпіянаце Беларусі, так і ў замежжы”: Ганчарэнку, Кучука, Конанава, Жураўля, Ермаковіча, Кубарава, Гурэнку, Хацкевіча, Скрыпчанку, Юрэвіча, Дулуба. Разам з імі сітуацыю мусяць абмяркоўваць кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола і трэнерскі штаб зборнай. “Упэўнены, усе гэтыя людзі перажываюць за нацыянальную каманду і змогуць выпрацаваць рашэнне па стратэгічных момантах развіцця зборнай і па тым, што рабіць тут і цяпер”.