Карл Більт: Наконт вяртання шведскага амбасадара ў Мінск ідуць перамовы
Кіраўнікі еўрапейскіх МЗС пракаментавалі сітуацыю ў Беларусі перад паседжаннем Савета ЕС.
Еўрапейскія міністры замежных спраў акрэслілі парадак дня паседжання Савета ЕС. Сярод галоўных тэмаў, якія закрануць міністры, ― сітуацыя ў Сірыі і Іране, адносіны Еўрасаюза і Расіі ды энергетычныя пытанні. Чыноўнікі абмяркуюць таксама і сітуацыю ў Беларусі, адзначыла кіраўніца знешнепалітычнага ведамства ЕС Кэтрын Эштан:
“Сёння мы звернем сваю ўвагу на Усходняе суседства. На нашую думку, выбары ў Беларусі, гэта страчаная магчымасць. Мы працягнем выкарыстоўваць тыя сродкі ўплыву, якія маем. Мы лічым, што палітвязні павінны быць вызваленыя і адпаведным чынам рэабілітаваныя”.
Перад пачаткам пасяджэння ўзгадаў пра Беларусь і шведскі міністр замежных спраў Карл Більт. Журналісты пацікаваіліся, калі ў Мінск вернецца шведскі амбасадар. Аднак дыпламат не змог даць дакладнага адказу на гэтае пытанне.
Карл Більт: “Я не ведаю, не магу назваць канкрэтнай даты, але мы гатовыя і зараз. Аднак цяпер ідзе працэс перамоваў. Сёння вось мы збіраемся прыняць абмежавальныя і іншыя меры ў адносінах да Беларусі, бо ў гэтай краіне дагэтуль ёсць палітвязні. Таму тэрмін дзеяння захадаў будзе працягнуты. Ну і мы спадзяемся, што Беларусь будзе паважаць прынцыпы дыпламатычнага супрацоўніцтва і кантактаў, якія існуюць паміж усімі краінамі”.
Нагадаем, 15 кастрычніка Савет ЕС плануе абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі пасля парламенцкіх выбараў. Таксама чакаецца, што на сённяшнім паседжаннні з “чорнага спіса” асобаў, неўзядных у ЕС, будзе выкрэслены Уладзімір Макей, цяперашні міністр замежных спраў. Папярэдні кіраўнік беларускага МЗС, Сяргей Мартынаў, не ўваходзіў у “чорны спіс”. Такім чынам Еўрасаюз хоча захаваць магчымасць дыялогу паміж Мінскам і Брусэлем.
Фота: pinchukfund.org.