Карпарацыя забавак прадстаўляе: "Начное жыццё мегаполіса!" Фотарэпартаж

У ноч з 10 па 11 кастрычніка горад паглынула музычная хваля "Урбан уэйв". У той час, як на галоўнай сцэне рэйва "Даўнтаўн мьюзік" Мінск узрывалі Дэйв Сімэн, Космас Эпсілон і праект Сэканд Сан, на экшн-сцэне можна было пабачыць вядомых беларускіх брэйк-дансэраў Стрыт Мастэрс, паказ гарадской моды, выступы хіп-хопераў ды ды-джэяў Eye Q, Vadim Key. Акрамя музыкі, тусоўшчыкі маглі заняць сябе рознымі урбан-справамі...
Месяц таму ў горадзе з’явіліся афішы нікому пакуль невядомага урбан-руху. На афішах мы ўбачылі імёны ды-джэяў Дэйва Сімэна з Вялікабрытаніі, Сэканд Сан з ЗША ды Космас Эпсілон з Грэцыі, таму Еўрарадыё не прайшло паўз мерапрыемства "Даўнтаўн м’юзік".

Рух “Урбан уэйв” – гэта сусветная з’ява. Гэтая хваля ўжо дайшла да Піцера, Масквы ды Кіева, але ў Мінску яна з’явілася толькі 10 кастрычніка. Дакацілася яна да нас дзякуючы кампаніі “Карпарацыя забавак”. Дарэчы, гэта тыя ж людзі, што арганізоўваюць беларускае “Глоўбал гэзэрынг”.

Андрэй Аляксееў, дырэктар кампаніі: “Мы ўжо працуем пятнаццаць гадоў і за гэты час прывезлі вельмі шмат замежных гасцей, нават такіх як Крысціна Арбакайтэ. Толькі хочацца нечага новага ды якаснага, таму шукаем сусветна вядомых музыкаў. Дарэчы, наша кампанія займаецца не толькі электроннай музыкаў. Менавіта я з задавальненнем бы прывёз рок-зорак.”

На “Даўнтаўн м’юзік” было дзве сцэны: мэйн і экшн сцэна плюс чылаўт.



Госці выступалі на мэйне. Дэйв Сімэн вядомы як адзін з пачынальнікаў хаўс-культуры. У яго музыцы чуліся класічныя рытмы хаўсу. Яны здаваліся стопрацэнтна адшліфаванымі.

Другімі на сцэну выйшлі два ды-джэя з праектам Сэканд Сан. Публіка літаральна ўзарвалася, бо гэтыя два амерыканца без спынення скакалі за пультамі, вытанцоўваючы рытмы сваімі целамі. Здалося, што музыка льецца не з  калонак, а з саміх ды-джэяў. Такога пакуль што беларускія ды-джэі рабіць не ўмеюць.

У перапынку паміж выступамі Сэканд Сан за пульты стаў Космас Эпсілон. Яго хаўс-рытмы пасля дуэту амерыканцаў здаліся музыкай чылаўту, пад якую большая частка залы адпачывала перад наступным выхадам Сэканд Сан.

А на экшн-сцэне спачатку граў хіп-хоп з жывым вакалам. Потым гламурныя гарадскія тусоўшчыкі акунуліся ў гукі r’n’b. Пасля выступаў гурт “Стрыт мастэрс”. Нават ды-джэй забыўся на свае пульты, загледзеўшыся на танцы гэтых хлопцаў.

У 4:00 на экшн-сцэну выйшаў элегантна апрануты хлопец, ціха стаў за пульты і дастаў вініл. Уаў! – падумалі рэйверы. І не памыліліся, бо то быў лепшы ды-джэй мінулага году Vadim Key. Ён граў мінімал да самага заканчэння мерапрыемства.   

Акрамя музыкі, рэйверам прапаноўвалася стаць зоркай гарадской рэкламы і паспрабаваць сябе ў якасці мадэлі. Таксама можна было прайсці тэст на то, хто ты ў сучаснай урбан-культуры.

Падчас мерапрыемства “Даўнтаўн мьюзік” паўсюль круцілася рэклама наступнага мерапрыемства “Карпарацыі забавак” пад назовам “Годскітчэн”. Вось што сказаў на гэты конт дырэктар кампаніі:

Андрэй Аляксееў: “Насамрэч часу на арганізацыю “Даўнтаўн мьюзік” у нас было не вельмі шмат. Мы проста зрабілі ўсё магчымае, што можна было зрабіць за гэты кароткі тэрмін. Сённяшняе мерапрыемства нешта кшталту падрыхтоўкі да “Годскітчэн”. І, калі шчыра, мы не хацелі рабіць тут усё па максімуму, каб гэты рэйв не перакрыў “Годскітчэн”.

Карацей кажучы, арганізатары хацела зрабіць “Даўнтаўн” рэйв па-мінімуму. Пры гэтым у плане арганізацыі Еўрарадыё не знайшло да чаго прычапіцца. Проста карпарацыя монстраў нейкая...


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі