Мужчына з Індыі заплаціў за тур у Беларусь $14 000 і загінуў у лесе
Махіндэр Пал Сінгх
45-гадовы мужчына з Індыі загінуў у лесе ў Беларусі, накіроўваючыся нелегальна ў Італію. Яго гісторыю апісвае індыйскае выданне The Tribune.
Махіндэр Пал Сінгх заплаціў турагенту каля 14 400 долараў і з'ехаў са сваёй вёскі 4 снежня 2023 года.
“На працягу чатырох месяцаў агент адпраўляў майго брата пешшу з адной краіны ў іншую. Яны не падалі яму ні транспарту, ні належнага харчавання. Хоць мы да гэтага часу не ведаем прычыну яго смерці, нас прымушаюць паверыць, што ён мог памерці з-за крайняй слабасці і голаду", — сказаў малодшы брат Махіндэра Дхарміндэр.
Сям'я не выключае, што іх сваяк мог быць забіты. Пра ягоную смерць ім паведамілі ў амбасадзе.
Пра гібель мігрантаў на мяжы Беларусі і краін ЕС паведамляецца рэгулярна. Апошні вядомы выпадак адбыўся 9 траўня, калі на беларуска-латвійскай мяжы былі знойдзеныя целы двух чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.