New York Times піша пра тое, дзе ў РБ можа захоўвацца расійская ядзерная зброя
Рэканструкцыя нагадвае тое, што можна ўбачыць на былых савецкіх ядзерных сховішчах
The New York Times у пятніцу апублікавала вялікае расследаванне, прысвечанае таму, дзе ў Беларусі можа захоўвацца расійская ядзерная зброя. Аўтары публікацыі прааналізавалі шматлікія здымкі, зробленыя са спадарожнікаў у розныя гады, паразмаўлялі з экспертамі па ядзернай зброі і кантролі над узбраеннямі, і прыйшлі да высновы, што гэта Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.
Уладзімір Пуцін летась анансаваў завяршэнне будаўніцтва "спецыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі" ў Беларусі. Амерыканскія журналісты мяркуюць, што ён меў на ўвазе вайсковы склад побач з горадам Асіповічы, паколькі "некаторыя з нядаўна пабудаваных там збудаванняў маюць асаблівасці, унікальныя для ядзерных сховішчаў на базах у Расіі". Напрыклад, новая зона падвышанай бяспекі акружаная трыма ўзроўнямі агароджы ў дадатак да існуючага перыметру бяспекі ўсёй базы. Яшчэ адной характэрнай прыкметай з'яўляецца схаваная зона пагрузкі, злучаная з падземным бункерам савецкіх часоў. Гэтая рэканструкцыя нагадвае тое, што можна ўбачыць на былых савецкіх ядзерных сховішчах. У апошнія тыдні пачалося будаўніцтва, магчыма, новых будынкаў.
Для абароны аб'екта таксама была ўсталяваная сістэма супрацьпаветранай абароны.
Эксперты дапускаюць, што ў Беларусі ёсць і іншыя месцы, дзе Расія можа захоўваць боегалоўкі.
Размяшчаючы ядзерныя боегалоўкі ў Беларусі, Крэмль, відавочна, спрабуе ўзмацніць сваю ядзерную пагрозу і ўмацаваць свае сілы ядзернага стрымлівання, піша выданне.
Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША не стаў удакладняць, ці сочаць Злучаныя Штаты за якім-небудзь канкрэтным аб'ектам у Беларусі, але заявіў, што Дэпартамент уважліва сочыць за сітуацыяй, каб “гарантаваць, што Расія захавае кантроль над сваёй зброяй у выпадку любога разгортвання ў Беларусі і выканае свае абавязацельствы па дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.