Касірка з абменніка пра налётчыка: Думаеце, ён мне даў да зброі дакрануцца!
Еўрарадыё знайшло Віку Ермаковіч, закладніцу, якая перажыла абрабаванне свайго пункту абмену валют. Што яна робіць сёння?
Касірка абменніка Віка Ермаковіч ужо вярнулася на працу. І па ўсім відаць, што ўзнавілася ад стрэсу пасля здарэння.
“Віка хоча есці, не будзе яна з вамі размаўляць”, — адказвае за касірку хлопец Саша. Хоць чуваць, што Віка пасміхаецца побач.
“Добра, дык у СМІ ўсю праўду напісалі пра дэталі налёту на абменнік?”
“Яна не помніць”, — адмахваецца хлопец Саша.
Урэшце кажам бойфрэнду, каб перадаў трубку сваёй дзяўчыне. Хочам спытацца, ці сапраўдны ў налётчыка быў пісталет.
“Шчыра, не ведаю. Вы думаеце, ён мне даў да пісталета дакрануцца! Можна не буду ўспамінаць гэта? — абразае Віка Ермаковіч. — Я радуюся жыццю, у мяне ўсё цудоўна. Як працавала касірам, так і працую. Толькі ўжо не ў абменніку, а ў аддзяленні банка”.
Нагадаем, што гучны налёт на сталічны абменнік “БСБ-Банка” здарыўся на тэрыторыі гандлёвага цэнтра “Шчасце” 1 кастрычніка. Жыхар Мастоў, які адслужыў у брэсцкай дэсантуры і папрацаваў ахоўнікам у Маскве, заняў пазіцыю ля ўвахода ў абменнік і цікаваў, калі адчыняцца дзверы. Дачакаўшыся, ён упіхнуў Віку ў абменнік. Але касірка паспела закрычаць. Прадпрымальнікі са “Шчасця” замкнулі дзверы ключамі, што тырчалі з вонкавага боку абменніка, і выклікалі міліцыю.
Праз некалькі гадзін перамоваў снайпер са спецслужбаў незаўважна стрэліў у галаву налётчыку. А 3 лістапада той памёр у бальніцы.
“Ці расказвала вам дачка, пра што ён з ёй размаўляў?” — цікавімся ў Наталлі Ермаковіч, мамы Вікторыі.
“Пра гэта яна не расказвала. Але яны пра нешта размаўлялі. Карацей, яна намагалася яго не злаваць, — згадвае жанчына. — Яна гэтага хлопца ніколі не ведала. Хай бы ўжо яе адкінулі, гэтае дзіця, ад абменніка. Не, яны ўзялі і заперлі яе там. Нават яе начальнік потым сказаў: няхай бы ўжо ён забраў тыя грошы ды ішоў куды. Лавілі б усё роўна. Але я нікога не асуджаю. Разгубіліся людзі, напэўна”.
У выпадку з абменнікам у “Шчасці” сітуацыя вырулілася паспяхова для праваахоўнікаў, Вікі і банка. Але не заўсёды злачынцы дзейнічаюць гэтак жа па-дылетанцку. Абменнікі і банкаматы ў Беларусі абчышчаюць рэгулярна, і ў большасці выпадкаў зламыснікаў не знаходзяць. Самае жахлівае абрабаванне здарылася у снежні 2009 года ў Мінску. Проста на ганку ўніверсама “Аўтазаводскі” сярод дня налётчык увайшоў у абменнік (напэўна, таксама чакаў, пакуль касірка адчыніць дзверы), апусціў ралеты, выставіў шыльдачку “Тэхнічны перапынак”. Потым па-зверску зарэзаў 21-гадовую Таццяну, узяў касу і сышоў. Толькі каля 9-й вечара інкасатары знайшлі цела касіркі. Нягледзячы на запісы з камер відэаназірання, нелюдзя так і не знайшлі.