Сталі вядомыя падрабязнасці захопу закладніцы ў мінскім ГЦ "Шчасце"
Як сцвярджае Следчы камітэт, у захопніка быў пнеўматычны пісталет, вонкава цалкам ідэнтычны баявому пісталету Макарава.
Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы па захопе закладніцы ў гандлёвым цэнтры "Шчасце" ў Мінску.
Нагадаем, што 1 кастрычніка 2014 года 23-гадовы мужчына захапіў у закладніцы супрацоўніцу банка — 19-гадовую дзяўчыну, якая працавала ў абменніку. Пагражаючы дзяўчыне прадметам, падобным да пісталета, ён забраў грошы, але сысці з абменніка не змог, бо навакольныя ўжо выклікалі міліцыю.
Тры гадзіны праваахоўнікі вялі безвыніковыя перамовы з захопнікам. Урэшце, было вырашана правесці сілавую аперацыю. Снайпер спецпадраздзялення "Алмаз" застрэліў зламысніка, закладніца не пацярпела.
Падчас расследавання, як паведамляе Следчы камітэт, былі вывучаныя запісы камер відэаназірання, дапытаныя дзясяткі сведак. Экспертыза сцвярджае, што ў руках нападніка быў пнеўматычны пісталет, вонкава цалкам ідэнтычны баявому пісталету сістэмы Макарава.
Крымінальную справу закрылі ў сувязі са смерцю зламысніка.
Захоп закладніцы ў Мінску: Ці можна адрозніць пнеўматыку ад баявой зброі?
Фота — sk.gov.by