Кастусёў: Лукашэнка прапаноўваў быць яго намеснікам

Кастусёў: Лукашэнка прапаноўваў быць яго намеснікам

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у інтэрв'ю nn.by распавёў пра тое, як пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Адбылося гэта ў 1988 годзе. Кастусёў быў дырэктарам саўгаса "Іскра" ў Бялыніцкім раёне, а Лукашэнка кіраваў саўгасам "Гарадзец" у Шклоўскім раёне. Будучы фронтавец тады слухаў лекцыю будучага кіраўніка дзяржавы пра "перадавы метад у сельскай гаспадарцы — арэндны падрад". А ў 1989-м Рыгор Кастусёў публічна падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на выбарах у Вярхоўны Савет СССР (яго праграма больш спадабалася), за што меў праблемы з камуністычным партыйным кіраўніцтвам. Справа ў тым, што сапернікам Лукашэнкі быў тагачасны прэм'ер-міністр БССР Вячаслаў Кебіч. Ён і выйграў выбары, але ў гаспадарцы Кастусёва за Аляксандра Рыгоравіча прагаласавала 76%.

У 1991-м Рыгор Кастусёў пераехаў у Шклоў. І аднойчы яго там сустрэў Аляксандр Лукашэнка, ужо дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі: "Здароў, што тут робіш?" "Кажа, прыязджай да мяне ў гаспадарку, будзеш маім намеснікам, я ж усё адно дэпутат, не заўсёды на месцы", — успамінае кіраўнік Партыі БНФ.

Кастусёў з'ездзіў у "Гарадзец", які быў "слабой гаспадаркай". Лукашэнка прызначаў яму час, але сам так і не з'явіўся. "Не атрымаліся ў нас далейшыя адносіны", — прызнаецца Рыгор Кастусёў. Тым не менш пра яго Лукашэнка выказваецца пазітыўна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі