КДК Беларусі выкрыў схему паставак “санкцыёнкі” ў Расію
Беларуская фінансавая міліцыя спыніла пастаўкі санкцыйнай прадукцыі ў Расію. Нелегальным бізнесам цягам двух гадоў займалася група ўкраінцаў і расіян. Іх незаконны прыбытак склаў 300 тысяч рублёў.
Кіраваў нелегальным бізнэсам 32-гадовы грамадзянін Украіны. Ён затрыманы і заключаны пад варту.
У 2017-2018 гадах група закуплялі ў Польшчы і Украіне яблыкі і іншую садавіну і гародніну і праз Беларусь рэалізоўвалі “санкцыёнку” ў Расіі. Каб надаць сваёй дзейнасці бачнасць легальнасці, яны карысталіся бухгалтарскімі дакументамі чатырох падкантрольных кампаній і некалькіх індывідуальных прадпрымальнікаў.
У пачатку лістапада 2018 года аператыўнікі затрымалі дзве фуры з яблыкамі і таматамі (канфіскавана больш за 40 тон). Гэтая пастаўка дазволіла дэпартаменту фінансавых расследаванняў “выйсці” на камерсантаў.
Распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 233 Крымінальнага кодэкса (“Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”). Праводзяцца следчыя дзеянні. У ходзе ператрусаў канфіскаваныя ўліковыя дакументы, пячаткі і штампы, а таксама носьбіты інфармацыі, якія сведчаць пра ажыццяўленне незаконнай дзейнасці, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю.