Хрэнін анансаваў новыя вайсковыя вучэнні з Расіяй у 2025 годзе
Віктар Хрэнін
У 2025 годзе на тэрыторыі нашай краіны пройдзе вучэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. Пра гэта міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін расказаў у інтэрв'ю расійскаму дзяржтэлеканалу "Расія 24".
Таксама ён паведаміў, што Украіна на мяжы з Беларуссю трымае ўдарную групоўку ў 112-114 тысяч чалавек. Але гэтыя сілы, па яго словах, рэжыму Лукашэнкі цяпер не пагражаюць, нарошчваць сілы афіцыйны Мінск не плануе. Вялікай пагрозай Хрэнін назваў "дыверсійныя групы, якія ідуць з боку Украіны".
Журналістка пацікавілася ў міністра колькасцю вайсковай авіяцыі NATO і тым, што афіцыйны Мінск заяўляе пра парушэнне паветраных межаў. Гаварылася, што ад жніўня 2023 года па 21 лютага сёлета было зафіксавана шэсць выпадкаў парушэння паветранай дзяржаўнай мяжы Беларусі з боку Латвіі, Літвы і Польшчы.
"Калі страчаныя тармазы з іх боку — вядома, мы будзем збіваць, цырымоніцца не будзем", — адказаў Хрэнін.
Нагадаем, папярэднія беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні на тэрыторыі нашай краіны адбыліся ў лютым 2022 года. Пасля іх расійскія войскі ўварваліся ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Пасля гэтага Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю і трымае там не толькі памежнікаў, але і войскі тэрытарыяльнай абароны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.