Хто такі генерал Сырскі, які стаў новым галоўнакамандуючым УСУ

Аляксандр Сырскі

Аляксандр Сырскі / president.gov.ua

8 лютага ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прызначыў генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага новым галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны. Дагэтуль ён быў камандуючым Сухапутных войскаў. Сырскі змяніў на гэтай пасадзе генерала Валерыя Залужнага.

Зяленскі называе Аляксандра Сырскага "найбольш дасведчаным украінскім камандуючым". "Ён мае паспяховы вопыт абароны — правёў Кіеўскую абарончую аперацыю, — кажа Зяленскі. — Ён мае таксама і паспяховы вопыт наступу — Харкаўскай вызваленчай аперацыі"

"2024 год можа стаць паспяховым для Украіны толькі пры ўмове эфектыўных змяненняў у аснове нашай абароны, якой з'яўляюцца Узброеныя Сілы Украіны", — дадае ўкраінскі прэзідэнт.

Сырскаму 58 гадоў. Ён нарадзіўся ва Уладзіміраўскай вобласці Расіі. Ва Украіне жыве з 1980 года. Скончыў Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. З пачатку 1990-х — ва ўкраінскім войску, прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да намесніка начальніка Генштабу. У 1996-м на выдатна скончыў Акадэмію Узброеных сіл Украіны, у 2005-м — Нацыянальную акадэмію абароны (з залатым медалём).

У 2013-м Аляксандр Сырскі займаў пасаду першага намесніка начальніка галоўнага каманднага цэнтра УСУ, курыраваў супрацоўніцтва з NATO. У лістападзе 2013 года ён прадстаўляў украінскае Мінабароны ў штаб-кватэры альянсу на перамовах па рэфармаванні УСУ і прывядзенні іх да стандартаў NATO. Вольна валодае англійскай мовай.

Пасля пачатку ў 2014-м на Данбасе ваенных дзеянняў Сырскі быў начальнікам штабу, намеснікам кіраўніка антытэрарыстычнай аперацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях. Зімой 2015-га знаходзіўся ў Дэбальцава, каардынаваў адступленне з горада ўкраінскіх падраздзяленняў. За тыя баі атрымаў ордэн Багдана Хмяльніцкага III ступені. У 2016-м Аляксандр Сырскі стаў генерал-лейтэнантам. З 2017 года камандаваў "антытэрарыстычнай аперацыяй" на ўсходзе Украіны.

Камадуючым Сухапутнымі войскамі генерал Сырскі стаў летам 2019-га ўжо пры прэзідэнце Зяленскім. Мяркуецца, што ён прыклаў нямала высілкаў да ўкаранення ва УСУ стандартаў NATO, актывізаваў рэформы. У 2020-м стаў генерал-палкоўнікам.

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі 24 лютага 2022-га Аляксандр Сырскі камандаваў абаронай Кіева. За яе ён атрымаў званне Героя Украіны. Галоўным поспехам Сырскага лічыцца аперацыя на харкаўскім напрамку ў верасні 2022 года. Менавіта ён прыдумаў гэты контрнаступ і здолеў пераканаць іншых, што аперацыя можа стаць паспяховай. Тады ў выніку імклівага прасоўвання ўкраінскіх мабільных падраздзяленняў, якія абыходзілі вялікія гарады, была вызвалена ад расійскіх акупантаў значная частка Харкаўскай вобласці. Расіяне адступалі, кідаючы тэхніку і ўзбраенні.

У 2022-2023 гадах Сырскі камандаваў абаронай Бахмута, які ў выніку ўкраінскаму войску давялося пакінуць. Ён часта бываў на фронце. Яго называюць жорсткім камандзірам, які патрабуе выканання загадаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі