Кіеў перадумаў “прадаваць” Юлію Цімашэнку Еўрасаюзу?

Спадзяванні, што былая прэм’ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка выйдзе на свабоду ўжо 13 лістапада, не спраўдзіліся — дэпутаты так і не прынялі закон, які б дазволіў выехаць ёй на лекаванне за мяжу. І ўжо сёння ў другой палове дня адмысловыя прадстаўнікі Еўрапарламенту Аляксандр Квасьнеўскі і Пэт Кокс будуць дакладаць Канферэнцыі прэзідэнтаў Еўрапарламента аб правале сваёй місіі.


Атрымліваецца, што адну з галоўных умоў для падпісання Украінай дамовы аб асацыяцыі з ЕС Кіеў не выканаў. На планах інтэграцыі з ЕС украінцы могуць паставіць крыж? Тое, што ўкраінскія парламентарыі не здолеюць вырашыць лёс Юліі Цімашэнкі 13 лістапада, было прадказальна, упэўнівае Еўрарадыё былы старшы кансультант групы памочнікаў і рэферэнтаў прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, былы намеснік міністра замежных спраў Украіны, намеснік генеральнага дырэктара аналітычнага Цэнтра Разумкова, палітолаг Валерый Чалы.


Валерый Чалы: “Згодна з Канстытуцыяй Украіны менавіта Віктар Януковіч кіруе знешняй палітыкай, і ў яго ёсць усе механізмы для прыняцця рашэння па пытанні Цімашэнкі, для рашэння пытання па падпісанні Дамовы аб асацыяцыі з ЕС. І таму ўсе разумеюць: тое, што адбываецца ў нашым парламенце, — гэта антураж, а рашэнні прымаюцца зусім у іншых кабінетах”.


Тым не менш, адзначае суразмоўца Еўрарадыё, канчатковае рашэнне па Украіне і дамове з ёй будзе прымацца не сёння і нават не на бліжэйшым пасяджэнні Савета Еўропы.


Валерый Чалы: “Пасяджэнне Савета Еўрапейскага саюза на ўзроўні міністраў замежных спраў пройдзе 18 лістапада. Але і гэты дзень можа быць не апошняй датай для прыняцця рашэння. На самой справе, палітычнае рашэнне (аб падпісанні Дамовы аб асацыяцыі Украіны і ЕС. — заўв. Еўрарадыё) можа быць прынятае і ў самы апошні момант”.


А “самым апошнім момантам” трэба лічыць саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Прычым нягледзячы на тое, што падчас брыфінгу ў Вярхоўнай Радзе 13 лістапада сустаршыня місіі Еўрапарламента Аляксандр Квасьнеўскі папярэдзіў ўкраінскіх парламентарыяў: 19 лістапада — “апошні момант, калі можна ўсё, што трэба, зрабіць”. І параіў уладам Украіны мець “дастаткова добрай волі, каб знайсці кансенсус”.


Але менавіта волі для рашэння “пытання Цімашэнкі” ў кіраўніка Украіны няма.


Валерый Чалы: “Калі б была, то сёння прэзідэнт Украіны быў бы ў парламенце. Не адчуваецца матывацыі ў цяперашняй кіруючай групы ісці ў накірунку еўрапейскай інтэграцыі, няма матывацыі выконваць дамоўленасці”.


А вось “кіруючая група” абвінавачвае… апазіцыю ў зрыве еўраінтэграцыі! А ўсё таму, заявіў сёння ў Вярхоўнай Радзе кіраўнік фракцыі Партыі рэгіёнаў Аляксандр Яфрэмаў, што яны не прымалі ўдзелу ў працы над законапраектам аб лячэнні асуджаных за мяжой. Больш за тое, паводле слоў паплечніка Януковіча, лідары апазіцыі “разыгрываюць спектакль для выбаршчыкаў”, а насамрэч бачаць сябе кандыдатамі на прэзідэнцкіх выбарах, таму не збіраюцца вырашаць пытанне Юліі Цімашэнкі.


З гэтым не згодны палітолаг.


Валерый Чалы: “Гэта ўсё… не праўда. Мы ведаем сітуацыю ва Украіне выдатна і ведаем, што зараз, фактычна, ідзе гандаль. Ідзе вялікі гандаль, і на кану — улада і грошы. Усё астатняе — гэта антураж”.


Як стала вядома Еўрарадыё, "Батькивщина", "УДАР" и "Свабода" заклікалі ўкраінцаў выйсці 24 лістапада, за 4 дні да пачатку віленскага саміту Усходняга партнёрства, на мітынг у Кіеве. Каб “прымусіць прэзідэнта Віктара Януковіча падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС”.  


Як бы сітуацыя ні развівалася — еўраінтэграцыя Украіны працягнецца, упэўнены Валерый Чалы. Праўда, больш у эксперта спадзяванняў на новых людзей ва ўладзе. І тычыцца гэта, мяркуе Чалы, і Украіны, і  Беларусі.

Фота: www.gazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі