Кіраўнік Еўракамісіі заявіў, што англійская мова губляе значэнне ў Еўропе
Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер заявіў, што англійская мова паступова здае свае пазіцыі ў Еўропе. На канферэнцыі ў Італіі ён прамаўляў па-французску.
“Марудна, але няўхільна англійская мова губляе значэнне ў Еўропе, у тым ліку таму, што цяпер выбары ў Францыі”, — цытуе словы Юнкера “Бі-Бі-Сі”. Ён згадаў перамовы аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС. Кіраўнік Еўракамісіі паабяцаў, што іх весці будуць “без прадузятасці”. “Але давайце не забываць, што гэта не ЕС пакідае Вялікабрытанію, а Вялікабрытанія пакідае ЕС”, — сказаў Жан-Клод Юнкер.
7 траўня ў Францыі пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У ім удзельнічае праціўніца еўраінтэграцыі Марын Ле Пэн і цэнтрыст Эмануэль Макрон.