Кіраўнік МЗС Расіі гаварыў у Берліне, што "д'ябал хаваецца ў дэталях"

Кіраўнік МЗС Расіі гаварыў у Берліне, што "д'ябал хаваецца ў дэталях"

У Берліне прайшлі перамовы міністраў замежных спраў краін "нармандскай чацвёркі" (Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі). Яны абмяркоўвалі выкананне мінскіх пагадненняў на Данбасе.

Як паведамляе ВВС, кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў адзначыў, што пагадненне аб адводзе ўзбраенняў калібрам менш за 100 мм гатовае "на 90 адсоткаў". Паводле слоў Лаўрова, "застаецца даўзгадніць некаторыя дэталі, але, як заўсёды, д'ябал хаваецца ў дэталях".

Міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер сказаў па выніках сустрэчы, што сёння паміж бакамі менш канфрантацыі і па некаторых пытаннях удалося зрабіць крок наперад.

Павел Клімкін, міністр замежных спраў Украіны, пракаментаваў пытанне правядзення на Данбасе выбараў. Паводле яго слоў, абмяркоўваць даты, выбарчы працэс зарана, спачатку АБСЕ павінна засведчыць, ці будуць адпавядаць выбары ў сённяшніх умовах яе крытэрам.

Як паведамляла Еўрарадыё, 2 кастрычніка ў Парыжы адбудзецца сустрэча лідараў краін "нармандскай чацвёркі". Яна таксама будзе прысвечаная сітуацыі на Данбасе.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі