Кіроўцу, які трапіў у аварыю, каб не збіць жанчыну, апраўдалі

Кіроўцу, які трапіў у аварыю, каб не збіць жанчыну, апраўдалі

Кіроўцу, які трапіў у аварыю, каб не збіць жанчыну, апраўдалі. Падчас перагляду ў ДАІ рэзананснай справы аб здарэнні 30 верасня на Лагойскім тракце ў Мінску яго дзеянні прызналі законнымі, бо мужчына прадухіляў больш сур’ёзную аварыю. Як паведамляла Еўрарадыё, невядомая жанчына прабегла паміж машынамі на праезнай частцы і знікла, справакаваўшы ДТЗ. Сутыкнуліся аўтамабілі Citroen і Renault. Спачатку вінаватым палічылі Максіма Цофіна, кіроўцу Citroen, а жанчыну нават не шукалі. Падчас канчатковага разгляду кіраўніцтва ДАІ Савецкага раёна сталіцы ўсё-такі вырашыла, што дзеянні Цофіна не маюць складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Цофін: “Я атрымаў сёння афіцыйную паперу аб тым, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да мяне спынены. Што фактычна азначае прызнанне маёй невінаватасці. ДАІ тым часам працягвае шукаць гэтую жанчыну. Як толькі яе знойдуць, у мяне будзе магчымасць падаць грамадзянскую позву супраць яе аб кампенсацыі страт. Таму, канечне, я рады, што пазбегнуў адміністрацыйнага пакарання”.

У матывавальнай частцы рэзалюцыі напісана, што “пасля прагляду відэа, а таксама ўсіх акалічнасцяў ДТЗ у дзеяннях кіроўцы не было знойдзена складу адміністрацыйнага правапарушэння”.

Сам Максім адзначае, што такі пазітыўны вынік разгляду справы быў не ў апошнюю чаргу звязаны з відэа з рэгістратара, які прадставіў відавочца здарэння Аляксандр. Бо без гэтага, па словах супрацоўнікаў ДАІ, было б цяжка нешта даказаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі