Кірыл Руды — пра ідэю аўтаномнага беларускага інтэрнэту: тэхнічна нескладана
Зрабіць у Беларусі аўтаномны інтэрнэт тэхнічна магчыма. Пра гэта ў каментары сайту onliner.by заявіў Кірыл Руды, які ў 2016-2020 гадах быў амбасадарам Беларусі ў Кітаі.
Як вядома, у Кітаі доступ да замежных сайтаў абмяжоўваецца ў рамках праекта "Залаты шчыт". Карыстальнікам у Кітаі недаступныя ні сацсеткі, кшталту Фэйсбука, ні нават Вікіпедыя.
Ці могуць беларускія ўлады пайсці кітайскім шляхам?
"Тэхнічна гэта нескладана, я думаю. З іншага боку, ёсць звычка дзяржорганаў і людзей, якія прымаюць такія рашэнні. Абмежавацца толькі беларускім рэсурсамі будзе складана. Так што верагоднасць малая, думаю, мы перайшлі гэты этап", — пракаментаваў гэтую ідэю Кірыл Руды.
Ідэю беларускага інтэрнэту, падкантрольнага ўладам, выказаў у лютым 2021-га гомельскі ваенны камісар Андрэй Крываносаў. Пазней беларускія ўлады заявілі, што створаць дзяржаўны орган па рэгуляванні лічбавай сферай і будуць пры гэтым максімальна ўлічваць кітайскі досвед.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.