Кітайскі карабель, магчыма, упершыню прывязе глебу з цёмнага боку Месяца
Месяц
Беспілотны карабель Кітая прызямліўся на зваротным баку Месяца, сцвярджаюць у Пекіне. Гэта тая частка Месяца, якія мы ніколі не бачым з Зямлі.
Паводле дадзеных Нацыянальнага касмічнага ўпраўлення Кітая, карабель "Чан'э-6" прызямліўся ў раёне Паўднёвага полюса, піша ВВС. Гэта касмічная місія стартавала 3 траўня. Карабель паляцеў на Месяц, каб сабраць каштоўныя камяні і глебы з гэтага рэгіёна ўпершыню ў гісторыі. Зонд паспрабуе выняць некалькі найстарыйшых камянёў Месяца з велізарнага кратара на яго Паўднёвым полюсе.
Праблема з палётамі на цёмны бок Месяца ў тым, што з караблём, які ляціць у тыя краі, вельмі складана звязацца. Але Кітай аднойчы ўжо змог прызямліць на зваротным баку Месяца свой карабель. Больш ніхто з краін гэтага не рабіў.
Мяркуецца, што ў наступныя тры дні пасадкавы модуль будзе збіраць матэрыялы з паверхні. Некаторыя навукоўцы лічаць, што магчымасць прааналізаваць склад камянёў са зваротнага боку Месяца можа адказаць на пытанні пра тое, як фармаваліся планеты. Ці, прыкладам, адкуль у Сонечнай сістэме з'явілася вада (не выключана, што на недаследаваным Паўднёвым полюсе Месяца ёсць лёд).
Большасць раней прывезеных з Месяца камянёў маюць вулканічнае паходжанне. Яны нечым падобныя на камяні, якія можна знайсці ў Ісландыі ці на Гаваях. Але ў матэрыялаў на зваротным баку Месяца можа быць іншы склад.
Дарэчы, калі акажацца, што на Паўднёвым полюсе Месяца сапраўды ёсць лёд і вада, гэта моцна спросціць і паскорыць стварэнне Месяцовай базы! Людзі змогуць працаваць там, прыкладна як цяпер працуюць на полюсах Зямлі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.