Кліенты пра "БСБ Банк": Цяпер выберу банк, які знаходзіцца блізка ля дома

Кліенты пра "БСБ Банк": Цяпер выберу банк, які знаходзіцца блізка ля дома

"Гэта жэсць, проста жэсць, што тут каментаваць?!" — эмацыйна пакідае аддзяленне "БСБ Банка" на Свабоды, 23 хлопец у кашулі ў клетку. 15 чэрвеня стала вядома, што Нацбанк адклікае ў "БСБ Банка" ліцэнзію па працы з фізічнымі асобамі. А раніцай 16-га ў аддзяленні працуюць усе акенцы і людзям хуценька "абнуляюць" рахункі.

Прастаўяшы ў чарзе 20 хвілін (у банку шматлюдна), каб таксама забраць свае грошы, ад касіра чую песімістычнае:

"26-га чысла ўсе карты і ўсе рахункі будуць заблакаваныя. Карткі можаце выкінуць".

Многія кліенты, якія сёння прыйшлі забраць грошы з картак, засмучаныя. Маўляў, адпачынак на носе, гатэлі забраніраваныя на картку "БСБ Банка", а тут такое:

"Я пяць гадоў была кліенткай банка. Трымала валютную картку. Калі ездзіла за мяжу — карысталася ёй, і ніколі не было ніякіх праблем. Таму, шчыра кажучы, калі летам, перад адпачынкам гэта здарылася, засмуцілася. Пакуль не ведаю, што рабіць", — разводзіць рукамі Ірына.

Крысціна, даўняя кліентка "БелСвісБанка", смяецца, што цяпер будзе “супрацоўнічаць” толькі з тым банкам, які знаходзіцца блізка ля дома:

"Праблемы з тым, каб завесці новыя карткі, у іх пачаліся паўгода таму, таму гэта было прадказальна. Сёння я шмат чаго зняла. У мяне доўгі досвед працы з гэтым банкам і як юрасобы, і як ІП, і як фізасобы. Як юрасоба я катэгарычна не задаволена супрацай, як ІП нармальна, як фізасоба — цудоўна. Але ў нас у прынцыпе складана працаваць з банкамі, таму я не плачу, не пакутую. Гэта проста нязручнасць, а ў нас паўсюль нязручнасць. Таму цяпер я буду выбіраць банк тэрытарыяльна, каб не траціць на паход у яго шмат часу".

Міхаіл прыйшоў у банк удакладніць, як скасаваць дамову, ці трэба гэта рабіць і якія дакументы неабходныя. Яму сказалі, што гэта нічога не патрэбна:

"З банкам працую са снежня, таму нічога асаблівага сказаць не магу. Але па водгуках ведаю, што банк адэкватны, нармальны. Відаць, гаворка ідзе пра асабістыя дзелавыя праблемы "БСБ Банка" з Нацбанкам. Я так гэта бачу. Мне сказалі, што для ІП і для юрасобаў нічога не змяняецца. У майго знаёмага ёсць тут разліковы рахунак, ён ІП. Ён збіраецца працягваць з імі працаваць. З якім банкам я далей буду супрацоўнічаць, пакуль не вызначыўся".

У сацсетках таксама ідзе бурнае абмеркаванне навіны пра "БСБ Банк". Асабліва хвалююцца тыя, хто вось-вось з'ездзе ў адпачынак:

"З'язджаю 21-га, засталася без карты. За 2 банкаўскіх дня нехта ў нас робіць новую карту?"

Мікіта Усціновіч каментуе заклік бізнес-аналітыкаў не панікаваць:

"Нібыта ніхто і не панікуе) Проста да адпачынку некалькі дзён, трэба не толькі перакінуць грошы, але і картку новую ў іншым банку аформіць".

Каб кліенты маглі зняць свае грошы, банк адмяніў усе камісіі за зняцце грошай на тэрыторыі Беларусі. Фізічныя асобы могуць забраць свае грошы як у банкаматах, так і ў касах банка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі