Клуб "Піраты": ад метал-зорак да панка і поп-музыкі
У Мінску з'явіцца новая канцэртная пляцоўка.
У Мінску па адрасе Партызанскі праспект, 6А адкрываецца новы клуб "Піраты". Арыентырам для стваральнікаў новай канцэртнай пляцоўкі сталіцы стала маскоўская "Икра". Адпаведна, тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік арт-аддзела "Піратаў" Зміцер, праграма, якую прапануюць "Піраты" прыцягне ўвагу публікі з разнастайнымі музычнымі густамі.
"Мы арыентуемся на досвед небеларускіх клубаў, таму праграма будзе выстройвацца так, каб кожны знайшоў для сябе нешта цікавае, — распавядае Зміцер. — То бок, сёння тут можа выступаць выканаўца а-ля "Дыскатэкі-90", заўтра гэта могуць быць зоркі метал-сцэны сусветнага ўзроўню, а паслязаўтра — панк-канцэрт ці іншыя неканцэртныя івэнты. Да таго ж, мы будзем намагацца ствараць унутры клуба атмасферу, каб кожны наведвальнік адчуваў сябе камфортна ў незалежнасці ад таго, якой музычнай веры ён прытрымліваецца".
Тэст-драйв новай канцэртнай пляцоўкі адбудзецца 23 лістапада, а ўдзельнічаць у ім будуць мінскія каманды "Мутнаевока", Weesp, J-J Bings, Pale Red i "Блины". Снежань у "Піратах" пройдзе ў тэставым рэжыме. А на пачатку наступнага года ў клубе выступяць вядомыя артысты.
Фота: www.goodfon.ru